свежие новости

   8 ліпеня 2017              Свята    
   Запалілі купальскае вогнішча
           Купалле — адно з найбольш яскравых і паэтычных народных святаў. Паводле народных павер'яў, рэкі ў гэтую ноч свецяцца асаблівым прывідным святлом, а звяры, птушкі і нават дрэвы атрымліваюць дар мовы.             



   




   У ноч а 12-й гадзіне зацвітае папараць-кветка. Хто знойдзе яе — атрымае здольнасць бачыць схаваныя ў зямлі скарбы, разумець мову звяроў і будзе шчаслівым.
  
   На Старадарожчыне стала ўжо добрай традыцыяй святкаваць штогод гэты таямнічы дзень.
  
  Вось і ў чарговы раз на гарадскім пляжы ладзілася народнае гулянне, падчас якога жыхары і госці горада змаглі не толькі ўбачыць тэатралізаваную праграму “Купальскія замалёўкі”, якую сёлета арганізавалі для старадаражан языльскія культработнікі, але і прыняць удзел у запальванні вогнішча і карагодзе, адшукаць папараць-кветку і патанчыць пад вясёлыя мелодыі.
  
   Дарослыя прыходзілі разам з дзеткамі, набывалі вяночкі і фатаграфаваліся на памяць, куплялі рознакаляровыя шарыкі і яскравыя ўпрыгожванні.
  
   Дарэчы, у гэты вечар можна было таксама паласавацца кандытарскімі вырабамі і салодкімі напоямі, якія прапанавалі наведвальнікам гандлёвыя кропкі райспажыўтаварыства.