свежие новости

   11 жніўня 2017              Каментарый    
   “Матчыны кросны”: не прапусціце самае цікавае!
          Што ж будзе найбольш цікавым у гэты дзень?
   Што трэба ведаць, збіраючыся на свята?
   Якія моманты не агавораны ў афішы?Мы папрасілі пракаменціраваць праграму свята-конкурса начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлану Анатольеўну КАРОЛЬКУ.
  
            



   



   — Мы будзем вельмі рады бачыць на свяце старадаражан і гасцей раёна. Незалежна ад узросту, прафесіі і інтарэсаў, усім без выключэння абяцаем добрыя ўражанні і надзвычай цікавае падарожжа па часе. Цэнтр горада ў гэты дзень і час, як у казцы, ператворыцца ў старажытны рамесны пляц, расквеціцца традыцыйнымі беларускімі строямі і тканымі вырабамі. Пачнуць свой адвечны сялянскі спеў ткацкія станкі, замільгаюць ва ўмелых руках каляровыя ніткі, з вясковых падворкаў панясуцца смачныя пахі. Выставяць рознае рукатворнае багацце на імправізаваным кірмашы майстры.
   Не прапусціце пачатак свята — “Парад ручнікоў”, які стартуе ў 10.30 ад маладзёжнага цэнтра. Дэлегацыя кожнага раёна будзе ўрачыста прадстаўляць свой ручнік, выраблены ў адпаведнасці з мясцовай самабытнай традыцыяй. Наогул плануецца ўдзел у свяце ткачоў з 16 раёнаў Міншчыны, а таксама з Брэстчыны і Магілёўшчыны. Адразу пасля парада адбудзецца ўшанаванне народных майстроў, у ліку якіх — чацвёра старадаражан, заснавальнікаў грунтоўнай і вялікай школы ткацкага майстэрства.
   У “Горадзе майстроў”, які разгарнецца на вуліцы Кірава, будуць працаваць і прадаваць свае вырабы лепшыя рамеснікі вобласці. Цікава паназіраць, як ва ўмелых руках нараджаецца сапраўдны цуд мастацтва. Гэта будуць не толькі тканіны, але і карункі, вышыўка, кераміка, саламяныя і драўляныя рэчы хэнд мэйд.
  

   Раю абавязкова зазірнуць на творчую пляцоўку каля фантана, дзе будзе праходзіць бясплатны майстар-клас па ткацтве. Магчыма, гэты дотык да старажытнага майстэрства дапаможа вам ці вашым дзецям знайсці захапленне ці справу свайго жыцця.
   Прагульваючыся па скверы, зазірніце на гасцінна адчыненыя для вас сялянскія падворкі, пачастуйцеся хатнімі далікатэсамі, палюбуйцеся адмысловым убраннем міні-сядзібак. Гэта як пабываць у сваім дзяцінстве, у вясковай бабулінай хаце — не толькі смачна і цікава, але і цёпла на душы. Дарэчы, работнікі музея падрыхтавалі для вас унікальную выставу “Хата беларуса-сакуна”. Не забудзьце ўзяць з сабой фотаапарат ці мабільны тэлефон, каб занатаваць у памяці святочны дзень і яго непаўторны каларыт, фарбы, сюжэты. Будуць, канешне, і розныя забавы для дзяцей, і магчымасць падмацавацца (на свяце будуць працаваць гандлёвыя пункты).
   У календары Міншчыны дзень, калі праходзяць “Матчыны кросны”, — асаблівы. У гэты час крынічка народнай культуры б’ецца асабліва імкліва і шчодра. Няхай яе жывая вада дорыць вам сілы, натхненне і духоўнае здароўе.
  
   Фота з архіва свята (2000 год).
  
  
   Праграма свята-конкурсу 19 жніўня
  
   10.30-11.00 — святочнае шэсце “Парад ручнікоў” (вул. Парыжскай Камуны – Кірава – Камсамольская — Пралятарская — Цэнтральная плошча).
  
   Цэнтральная плошча
   11.00 — урачыстае адкрыццё. Ушанаванне народных майстроў Беларусі;
   11.30-16.00 — канцэртныя выступленні аматарскіх калектываў вобласці: народнага ансамбля народнай песні “Крупчанка” (Крупскі раён), народнага ансамбля народнай песні “Згода” (Нясвіжскі раён), народнага фальклорнага ансамбля “Ячаўскія вячоркі” (Слуцкі раён), народнага жартоўнага гурта “Чэрвеньскія балагуры” (Чэрвеньскі раён), народнага ансамбля народнай песні і музыкі “Таліца”, народнага ансамбля народнай песні і музыкі “Языліца”, народнага фальклорнага калектыву “Набіліцы”, народнага фальклорнага калектыву “Прусаўчанка”, народнага ансамбля народных інструментаў выкладчыкаў ДШМ, вакальнага гурта “Каларыт” (Старадарожскі раён);
   16.00 — узнагароджванне пераможцаў;
   — урачыстае закрыццё свята-конкурсу.
  
   Вуліца Кірава
   10.30-17.00 — выстава народнага клуба майстроў народнай творчасці “Спадчына” Старадорожскага раённага цэнтра рамёстваў;
   11.30-16.00 — выстава-конкурс хатніх работ;
   11.30-14.30 — конкурс па ткацтве на кроснах і пляценні паясоў.
  
   Гарадскі сквер
   10.30-17.00 — выстава сельскагаспадарчых падворкаў “Багацце роднага краю”;
   — кірмаш тавараў народнага спажывання;
   — дзіцячы гарадок (працуюць атракцыёны, пляцоўка па стральбе з лука і арбалета);
   — канцэртныя выступленні аматарскіх калектываў вобласці.
  
   Пляцоўка каля фантана
   10.30-17.00 — выстава “Матчыны кросны. Гісторыя”;
   12.00-16.00 — майстар-клас па ткацтве на кроснах.
  
   Вуліца Камсамольская
   10.30-17.00 — выстава продаж “Горад майстроў”.