свежие новости

   7 лiпеня 2017               ПАДЗЕЯ
       «Матчыны кросны» склікаюць гасцей         

    І зноў лета хіліцца да спелага залатога жніўня, а разам з тым і да адной з самых значных падзей у культурным жыцці рэгіёна — абласнога свята-конкурса майстроў ткацтва «Матчыны кросны».

   19 жніўня яно ў сёмы раз абудзіць на нашай зямлі чароўную атмасферу старажытных рамёстваў і прымусіць нас дзівіцца працалюбству і вынаходніцтву чалавека, які на світанку цывілізацыі навучыўся прасці з воўны, льну і канопляў ніткі, а потым пераплятаць іх на самаробных прыстасаваннях.
    Гэтую надзвычай цяжкую і карпатлівую работу не выцясніў навукова-тэхнічны прагрэс: наадварот, яна выйшла на пазіцыі эксклюзіўнай, дарагой ва ўсіх адносінах, перспектыўнай асобнай галіны творчасці. Таму сёння людзі ўсіх узростаў ахвотна асвойваюць майстэрства продкаў.
    “Матчыны кросны” нездарма маюць такую цёплую, добрую, хатнюю назву, — каменціруе падзею начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Каролька. — Немагчыма было даўней знайсці сялянскую сям’ю, дзе вечарамі не пастуквалі б кросны. Гэтае мернае пастукванне — музыка працы, творчасці, міру; ткацтва — асобны культурны пласт, з якім звязана мноства прыкмет, абрадаў, звычаяў і цікавых фактаў. Так, напрыклад, сапраўднае цуда-палатно нашы прабабулі выраблялі для намітак — распаўсюджаных у нашых краях жаночых галаўных павязак, якія прыгожа абрамлялі твар і нібыта каранавалі яго зверху. Наміткі ткалі ў два ніты з самай тонкай кужэльнай адбеленай, як снег, пражы. Жанчыны прапускалі яе праз заручальны пярсцёнак і глядзелі, ці пройдзе трыста нітак; гэта быў своеасаблівы тэст на якасць. Па гатовым палатне было бачна гаспадыню: яе дбайнасць, акуратнасць, фантазію. У кожнай мясціне ткацтва мае свае асобінкі, якія дакладна ўказваюць на культурныя і гістарычныя традыцыі насельніцтва. Гэта тэхніка выканання работ, выкарыстанне раслінных фарбаў, арнаментаў… Так было даўней, так вядзецца і дагэтуль.
    Паўсюды на Беларусі берагуць і развіваюць гэтыя традыцыі. Сабраныя ў адзін творчы рамесны рад, яны ўяўляюць сабой надзвычай прыгожае і цікавае відовішча. Па традыцыі, свае лепшыя вырабы на свята прывязуць майстры з усёй Міншчыны і не толькі.
    Конкурс на якасць і хуткасць дасць магчымасць на працягу трох гадзін назіраць за работай прафесіяналаў, якія павінны будуць спрытна, прыгожа і якасна ўправіцца з заданнем — выткаць фрагмент любога традыцыйнага вырабу на свой выбар. Абавязкова ўключыце конкурс у свае планы адпачынку на жнівень.
    Мы будзем рады ўсім удзельнікам і гасцям!”