свежие новости

   15 лiпеня 2017               Ураджай-2017
       На палеткі Старадарожчыны выйшлі першыя збожжаўборачныя камбайны         

   У пачатку тыдня старадарожскія хлебаробы аддалі першы паклон залатому жыту. На палеткі выйшлі палявыя караблі, якія абмалацілі першыя гектары азімага ячменю.

   Сёлетні год выдаўся для хлебаробаў раёна нялёгкім: моцныя лютаўскія маразы, вясенняя непагадзь, шквалістыя летнія вятры і праліўныя дажджы прымусілі іх пахвалявацца. Аднак, па ацэнках спецыялістаў, на палетках Старадарожчыны ўраджай зерневых і зернебабовых культур вырас не горшы, чым у мінулым годзе.
    Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна ўжо завяршылі ўборку свірэпіцы на зерне, якога сабрана 434,4 тоны з 497 гектараў, сярэдняя ўраджайнасць склала 8,7 цэнтнера з гектара. Адразу пасля яе надышла чарга азімага рапсу. Яго трэба ўбраць на плошчы 1593 гектары. Гэтую культуру ўбіраюць у ААТ “Арэса-агра”, ААТ “Палажэвічы”, ПСГ “Сінягова”, ААТ “Старадарожскае”, ТАА “Шапчыцы-агра”. На 14 ліпеня ўбрана 83 га азімага рапсу, намалочана 89,9 т пры ўраджайнасці 11 ц/га. У мінулым годзе на гэты дзень сельгаспрадпрыемствамі раёна яго было ўбрана 55 га, сабрана 34,1 т зерня, ура-джайнасць складала 6,2 ц/га.
    Камбайны, аўтамашыны для перавозкі збожжа, трактарныя прычэпы, прэс-падборшчыкі для саломы, зернесушыльныя комплексы і сушылкі — усё гэта і сёння ў цэнтры ўвагі. На жніве будзе задзейнічана 53 камбайны. Напярэданні ўборачнай праведзены неабходныя арга-нізацыйныя работы: праверка сушыльных комплексаў і камбайнаў, дэзынфекцыя складоў.
    Аб’ём работ вялікі. Па інфармацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, у гэтым годзе гаспадаркам належыць убраць 11909 гектараў азімых і яравых каласавых культур. Першымі дачакаліся хлебаробаў азімыя, размешчаныя на 6540 гектарах, што на 555 га менш, чым летась (з іх 3110 га трыцікале, 2420 га жыта, 533 га пшаніцы і 477 га ячменю). Расліны добра перазімавалі і вясной далі дружныя ўсходы. Хлебаробы ўпэўнены, што азіміна дасць добры ўраджай. Чаканая ўраджайнасць — 30,2 ц/га. А некаторыя гаспадаркі ўжо пацвердзілі гэтыя словы справай. Абмалацілі першае спелае калоссе азімага ячменю камбайнеры ААТ “Паставічы”, ТАА “Шапчыцы-агра” і ААТ імя Скварцова і Маёрава. Паставіцкія хлебаробы прыступілі да ўборкі 10 ліпеня і пакуль лідзіруюць: на раніцу ўчарашняга дня абмалацілі 39 гектараў, атрымалі 158 тон зерня пры ўраджайнасці 40,5 цэнтнераў з гектара. Языль-скія хлебаробы з 32 га намалацілі 108 т пры ўраджайнасці 33,8 ц/га, шапчыцкія працаўнікі палёў з 17 га сабралі 30 т збожжа, ураджайнасць склала 20,6 ц/га.
    Усяго гэтымі гаспадаркамі абмалочана 88 гектараў (0,7% да задання), намалочана 301 тона збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 34,2 цэнтнера з гектара. У мінулым годзе на гэты дзень сельгаспрадпрыемствамі раёна было ўбрана 330 га, сабрана 1274 т збожжа, ураджайнасць складала 38,6 ц/га.
    Даспяваюць на палетках яравыя зерневыя і зернебабовыя, якія размешчаны на 5369 гектарах. Давядзецца ўбраць 2054 га ячменю, 1598 га аўсу, 1122 га зернебабовых, 461 га пшаніцы і 40 га трыцікале. Чаканая ўраджайнасць — 32 ц/га. Найбольшы аб’ём работы на сёлетнім жніве трэба будзе выканаць хлебаробам “Паставічаў” — 1898 га, “Залужжа” — 1770 га, “Арэсы-агра” — 1720 га, “Палажэвічаў” — 1204 га. Звыш 6 тысяч тонн збожжа плануюць намалаціць “Паставічы” і “Залужжа”, атрымаць самую вялікую ўраджайнасць азімых і яравых — працаўнікі “Аграфірмы “Фалічы” і “Профітагра” (40,6 і 36,6 ц/га адпаведна).
    Для зладжанай работы створаны ўсе ўмовы. Кожны дзень рупліўцы палёў атрымліваюць інфармацыю аб паказчыках і заробку. Прама ў полі арганізавана двухразовае харчаванне, абсталяваны месцы харчавання, механізатары забяспечаны таксама свежай пітной вадой. Выкананне пастаўленых задач будзе залежаць у першую чаргу ад механізатараў, чыімі рукамі і стараннямі ўбіраецца хлеб, а таксама ад спецыялістаў і кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, перад якімі стаіць задача на высокім узроўні вырашаць арганізацыйныя пытанні ўборачнай кампаніі.