свежие новости

   12 лiпеня 2017               Культура
       “Таліца” — у пяцёрцы лепшых калектываў рэспублікі         

    1 і 2 ліпеня ў Мядзельскім раёне ў 65-й раз прайшоў рэспубліканскі фестываль харавога мастацтва “Пеўчае поле”, у якім прыняў удзел народны ансамбль народнай музыкі і песні “Таліца”.

   Нашы артысты прывезлі шмат прыемных уражанняў і яскравых успамінаў.
    Як расказала ўдзельніца ансамбля Наталля Валенцюкевіч, фестываль аб’яднаў 29 вакальна-харавых калектываў з агульнай колькасцю 800 артыстаў з усіх рэгіёнаў краіны.
    “Урачыстае адкрыццё фестывалю адбылося ў амфітэатры на беразе возера Мястра, — распавядае Наталля Анатольеўна. — Вельмі прыгожым было шэсце ўдзельнікаў у рознакаляровых яркіх нацыянальных касцюмах. Прыцягвала сваім каларытам і разнастайнасцю выстава-кірмаш вырабаў народных майстроў. Шырока раскінуліся гандлёвыя рады на набярэжнай амфітэатра, шмат было арганізавана атракцыёнаў для дзяцей. Надвор’е ў гэтыя дні не песціла, але ад прыгажосці навокал, чалавечай цеплыні і сяброўскай атмасферы настрой быў добры.
    У першы дзень праводзілася і конкурсная праграма вакальна-харавых калектываў з акадэмічнай і народнай манерай выканання. Мы выступалі на сцэне санаторыя “Прыазёрны”. Выконвалі дзве песні: “Ой, калина, ой, малина” і “Ой, у полі азярэчка”.
    Нягледзячы на тое, што старадаражане выступалі пад нумарам “13”, выкананне песень было высока ацэнена журы, якое ўзначаліў народны артыст Беларусі, лаўрэат дзяржаўнай прэміі БССР, прафесар Міхаіл Дрынеўскі. З дваццаці дзевяці калектываў “Таліца” заняла чацвёртае месца. Пераможцам стаў заслужаны аматарскі калектыў Беларусі народны хор “Крыніца” Столінскага гарадскога Палаца культуры. Яму і ўручаны Гран-пры фестывалю”.