свежие новости

   11 жніўня 2017              Ураджай-2017    
   Шапчыцкія хлебаробы прымалі віншаванні
          Мінулая серада стала адметнай для камбайнераў ТАА “Шапчыцы-агра”. Павіншаваць і пажадаць поспехаў на хлебаробнай ніве да іх прыехалі адразу некалькі дэлегацый. Прыемныя моманты ўзнагароджвання, фотаздымкі на памяць — і з бадзёрым настроем механізатары рушылі працягваць сваю нялёгкую, але такую важную і адказную працу.             





   



   У ліку першых да рупліўцаў палёў звярнуўся старшыня Беларускага прафсаюза працаўнікоў галіны прамысловасці Валерый Арсенцьевіч Кузьміч: “Сёння ў вас нялегкая пара, па-сапраўднаму адказная і гарачая, вы трымаеце своеасаблівы экзамен. Вельмі прыемна, што сярод працаўнікоў шмат моладзі. Дзякуй, што вы працягваеце справу вопытных хлебаробаў. Няхай вам спрыяе добрае надвор’е.
  
   Бадзёрасці і моцнага здароўя, і, канешне, атрымаць добрыя вынікі!” Валерый Арсенцьевіч паведаміў, што беларускі прафсаюз працаўнікоў галіны прамысловасці — гэта вынік аб’яднання ў мінулым годзе трох прафсаюзаў: металістаў, аўтамабільнага сель-скагаспадарчага машынабудавання і галіны прамысловасці. Таму за час працы старшыня неаднаразова наведваў магутныя прамысловыя аб’екты, а вось на Старадарожчыну прыехаў упершыню. Убачанае прыемна здзівіла і парадавала госця: кіраўніцтва таварыства з адказнасцю падышло да ўборачнай кампаніі, створаны неабходныя ўмовы працы для работнікаў, арганізавана двухразовае гарачае харчаванне, ёсць неабходныя медыкаменты ў аптэчцы, а тэхніка дагледжаная і не дае збояў. Канешне, праліўныя дажджы, якія апошнім часам прыпынялі ўборачную, крыху змянілі планы хлебаробаў, але сёння яны рады атрыманым вынікам і з вялікім жаданнем рухаюцца да завяршэння жніва. Агледзеў тэхніку галоўны тэхнічны інспектар прафсаюза Мікалай Мікалаевіч Кавалеўскі.
  
   Як паведаміў галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Раманавіч Ракавец, на раніцу серады ўжо было абмалочана 77% плошчаў, з якіх атрымалі амаль 1300 тон збожжа. Пачалі тут уборачную 1 жніўня і плануюць на гэтым тыдні завяршыць. Спачатку ўбіралі азімае жыта з плошчы 246 гектараў, ураджайнасць якога склала 25 цэнтнераў з гектара. На момант прыезду гасцей тут завяршалі ўборку азімага трыцікале, а на чарзе — пшаніца.
  
   На ўборцы зерневых задзейнічаны чатыры экіпажы камбайнераў, столькі ж вадзіцеляў на адвозцы ўраджаю, некалькі чалавек працуюць на таку. Сёлета зерне мае большую вільготнасць, чым у мінулым годзе, таму яго дапрацоўваюць і сушаць. Паводле слоў Аляксандра Раманавіча, вільготнасць зерня складае 17-18%, а сярэдняя ўраджайнасць — 26 ц/га. Аплата працы механізатараў дастойная, а мясцовы прафсаюз таксама адзначыць лепшых аграрыяў па выніках кампаніі.
  
   Імкнуцца да добрых вынікаў Васіль Багун і яго памочнік Улад Мальчанка, якія на раніцу 9 жніўня намалацілі 560 тон зерня, шчыруючы на GS-1218. Васіль працуе ў гаспадарцы сёмы год, а задзейнічаны ва ўборачнай у чацвёрты раз. У гэтым сезоне яму дапамагае пляменнік Улад. Юнак падзяліўся ўражаннямі ад працы: “Спачатку было вельмі цікава назіраць за ходам збору зерня, а потым ужо і на сабе адчуў, што праца гэтая няпростая і адказная. Я назіраю за тым, каб не было страт, гляджу за тэхнікай, дапамагаю раніцай падрыхтаваць яе да выхаду ў поле. Бацькі мяне падтрымалі ў жаданні папрацаваць улетку. Лічу, што гэта добра, калі ёсць магчымасць зарабіць уласныя грошы. Мая будучая прафесія звязана з машынамі, таму ўдзел ва ўборачнай дапаможа лепш разбірацца са складанай тэхнікай і папоўніць свае веды”. Маладзёжны экіпаж атрымаў падарункі ў тым ліку і ад прафсаюзнага камітэта ЗАТ “Атлант”, які прадстаўляў яго старшыня Ігар Мікалаевіч Гладкіх.
  
   Ірына ЕРАМЕЕВА.
   Фота аўтара.