Адна з добрых традыцый нашай зямлі — штогод выбіраць раённую “сталіцу дажынак” і сілкаваць гэту вёску дадатковымі фінансамі, сіламі і намаганнямі, каб яна стала прыгажэй і камфортней. “Святы прыходзяць і ідуць у гісторыю, а іх спадчына павінна яшчэ доўга служыць людзям — у гэтым ідэя, — кажа старшыня раённага Савета дэпутатаў Дзмітрый Давыдаў. — Задача жыхароў — берагчы зробленае, развіваць яго і прымнажаць. У мінулым годзе “Дажынкі” прымалі Шчыткавічы, і сёння прыемна бачыць, што працуе адрамантаваны Цэнтр культуры, радуе сваім выглядам прыведзеная ў парадак цэнтральная плошча аграгарадка, адноўлены мемарыял воінам-вызваліцелям”.

Старшыня Савета бывае ў вёсцы кожны дзень, каардыніруе і кантралюе ход работ. У чарговую такую паездку накіраваліся з ім і журналісты.

… Загадзя “выйшлі вітаць” гасцей на край Старых Дарог саламяныя “гаспадар” і “гаспадыня”, абяцаючы добры настрой, прыемыя сустрэчы і пачастункі. А ў самой вёсцы работы пад кіраўніцтвам старшыні сельвыканкама Уладзіміра Боды ідуць поўным ходам. Рыхтуецца да ўвядзення ў строй прасторны пляц для спартыўных і дзіцячых гульняў. У Цэнтры культуры і адпачынку, дзе пройдуць урачыстасці, працягваецца рамонт. Разам з будаўнікамі, закасаўшы рукавы, шчыруюць і работнікі ўстановы, і яе дырэктар Валянціна Спадар. Для афарбоўкі сцен выбралі прыгожы бэзавы колер. Пачышчана ад зарасніку сажалка каля Цэнтра культуры і адпачынку, клумбы поўныя кветак.

Раней выгляд вуліцы ўздоўж шашы псавала закінутая, зарослая кустоўем сядзіба; цяпер на яе месцы — ачышчаны і выраўнены ўчастак. Для гэтага кавалачка зямлі надышоў час новага жыцця. Лік такіх участкаў у сельсавеце толькі ў гэтым годзе дасягнуў 24 — столькі састарэлых хат знесена плюс дэманціравана 24 фундаменты (4 з іх — у Старых Дарогах).

У розных кутках вёскі конікамі стракочуць касілкі, пахне свежаскошанай травой. Навокал чысцяць, прыбіраюць, добраўпарадкоўваюць — ва ўсіх ёсць работа ў перадсвяточныя дні. Невядома, як доўга яшчэ будзе песціць нас прырода сонечымі дзянькамі, але нават калі пачнуцца дажджы, летнюю нотку захавае сакавіта-вітамінны аранжавы, наш фірменны, колер платоў і аўтобусных прыпынкаў. Ім ззяюць нядаўна пафарбаваныя агароджы ў Старых Дарогах. Дадалося тут і без малога два кіламетры новых платоў.

Відавочна, што будзе дзе годна і як след адзначыць дажынкі. Справа гасцей — прыехаць з добрым настроем!