— Я не навічок, у мінулым годзе ўжо прымаў удзел у велапрабезе. Дыстанцыю пераадолеў лёгка, ад мерапрыемства засталіся выдатныя ўспаміны. Для мяне веласіпед — знаёмы і любімы з дзяцінства транспарт. Люблю пракаціцца на ім і цяпер, смела магу назваць сябе велааматарам. На старце ў нашай каманды бадзёры і вясёлы настрой. Спадзяёмся, што атрымаем мора добрых эмоцый. Асабіста для мяне гэта будзе цікавым падарожжам: новыя мясціны, новы маршрут — сумна не будзе.
Вялікая Айчынная апаліла і лёсы маіх продкаў. Дзядуля ваяваў, дайшоў да Берліна. Таму велапрабег у гонар Перамогі — магчымасць аддаць даніну яго памяці.
Увогуле, для мяне спорт — важная частка жыцця. На працягу 15 гадоў я сур’ёзна займаўся спортам, і такое мерапрыемства прапусціць не мог. А калі падрастуць мае сыны, з задавальненнем далучу іх да велапрабегу.