У пятніцу ў раёне адзначылі 30-годдзе вываду савецкіх войск з Афганістана. Урачыстае мерапрыемства прайшло ў Палацы культуры. Старшыня райвыканкама Мікалай Карповіч і начальнік адасобленай групы Слуцкага ваеннага камісарыята Ігар Валчуга ўручылі героям дня юбілейныя медалі.

Здаецца, яшчэ толькі ўчора скончылася тая вайна — а сёння самаму малодшаму воіну-інтэрнацыяналісту ў раёне ўжо 50 гадоў, а самаму старэйшаму — 75. Яно даўно сталае — пакаленне, хрышчонае агнём і жалезам, болем ран і грамадскага неразумення. З кожным годам яно доўжыць спіс страт: радзеюць рады афганскага брацтва. Дзякуй богу, сёлета мы нікога не праводзілі ў апошні шлях; наадварот, дзвюма баявымі таварышамі ў нашым краі стала болей — вярнуліся жыць у родныя мясціны Леанід Пятрушэня з Сінягова і Іван Філіпеня з Солана.

Сёння ў раёне 74 воіны-інтэрнацыналісты і толькі 11 засталося ветэранаў Айчыннай; каму ж, як не “афганцам”, прымаць эстафету памяці і несці ў жыццё разуменне вайны і вернасці патрыятычнаму доўгу?

Таму напярэдадні слаўнага юбілею графік работы раённага аддзялення Саюза воінаў-інтэрнацыяналістаў пад кіраўніцтвам Міхаіла Няхая быў распісаны па хвілінах: “афганцы” пабывалі ва ўсіх школах раёна, пакланіліся магілам баявых таварышаў. Актыўная работа з моладззю ішла і на працягу ўсяго года: праводзілі прысвечаныя памяці загінутых воінаў спартыўныя турніры, сустракаліся з дзецьмі, на працы і ў жыцці служылі Радзіме гэтак жа аддана, як трыццаць гадоў таму.