Крычалі «Горка!», танчылі са сталічнымі музыкамі, дарылі падарункі. У Дражна адгулялі свята вёскі
У мінулую суботу на свята ў аграгарадку Дражна прыйшлі не толькі мясцовыя жыхары. Выказаць сваю любоў да родных мясцін сабралася нямала гасцей, а для зручнасці іх прыёму была выбрана паляна каля дарогі.
Сяльчан віншавалі госці
Да вяскоўцаў завіталі былы намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы і Фінляндыі Уладзімір Дражын, былы старшыня Магілёўскага аблвыканкама Міхаіл Дражын, старшыня раённага Савета дэпутатаў Дзмітрый Давыдаў, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Каролька, пратаіерэй Свята-Георгіеўскага храма вёскі Залужжа Аляксандр Пігаль. Духмяным караваем гасцей сустракаў старшыня Дражнаўскага сельскага савета Алег Балоцька.
Першым да мікрафона запрасілі Дзмітрыя Давыдава:
“Асаблівасць Дражна ў тым, што тут жылі і працавалі сакуны. Яны ўвайшлі ў гісторыю вёскі, багатую і слаўную. Нямала пакут выпала на долю сяльчан. Столькі людзей загінула ў гады Вялікай Айчыннай вайны! Але дражнаўцы выстаялі, перажылі акупацыю і сталі толькі мацнейшыя духам. Шмат гадоў прайшло з той пары. Вёска набыла сучасны выгляд, і сёння ў ёй жывуць цудоўныя і працавітыя людзі. Яны ганарацца землякамі, якія праславілі не толькі малую радзіму, але і Беларусь».
Пратаіерэй Аляксандр Пігаль павіншаваў вяскоўцаў са святам і падарыў ікону Божай Маці.
Да дражнаўцаў з прывітальным словам звярнуліся землякі, якіх тут паважаюць і цэняць. Адным з іх быў Міхаіл Дражын. Ён адзначыў непарыўную сувязь з вёскай кожнага чалавека, успомніў яе гісторыю, у якой цесна перапляліся людская радасць і трагізм вайны, працоўныя подзвігі і простае чалавечае шчасце.
Доўгажыхары прымалі віншаванні
З людзьмі, якія з’яўляюцца захавальнікамі славутых традыцый і звычаяў, мы пазнаёміліся падчас урачыстай часткі мерапрыемства.
Так, з павагай вядучыя называлі прозвішчы найстарэйшых жыхароў вёскі. А самай значнай падзеяй у вёсцы ў гэтым годзе быў 90-гадовы юбілей паважанай жанчыны Ганны Іванаўны Колас. 89 год споўнілася Анастасіі Акімаўне Бабраўнік, 88 — Лідзіі Пятроўне Дражынай, 87 — Івану Рыгоравічу Дражыну, 86 — Вользе Кузьмінічне Германчук і Ганне Піліпаўне Лутавай, 85 — Фені Сямёнаўне Сярковай і Уладзіміру Максімавічу Бабраўніку, 80 — Валянціне Пятроўне Шчуцкай.
Вяскоўцы гучна крычалі: “Горка!”
З задавальненнем апладыравалі аднавяскоўцы і людзям, якія захавалі каханне, павагу і цеплыню пачуццяў на працягу многіх гадоў і сёлета адзначаюць юбілеі з дня вяселля. 60 год разам Валянціна і Міхаіл Ралькі, 30 — Ірына і Міхаіл Шыцькі, а таксама Валянціна і Аляксандр Брагі. Вяскоўцы гучна крычалі ім: “Горка!”
Па працы і пашана
Старшыня Дражнаўскага сельсавета Алег Балоцька павіншаваў вяскоўцаў са святам, ўзнагародзіў лепшых працаўнікоў аграгарадка, а таксама пераможцаў ганаровых намінацый. Падарункі атрымалі даяркі Валянціна Яфімава, Наталля Панамарова, вадзіцелі Мікалай і Валерый Вечарынскія, фуражыр Святлана Заяц, лабарант Наталля Равенька, цялятніца Алена Грыдзюшка.
Прымаў віншаванні таксама Леанід Канапацкі, які шмат гадоў працуе ў гаспадарцы. Не забыліся і пра Галіну Варажбіцкую — старшыню пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі. Роднай гаспадарцы яна прысвяціла 30 гадоў. Многа сіл аддалі сваёй рабоце былы ўпраўляючы справамі сельсавета Святлана Лутава, работніца лазні Ніна Кучынская і паштальён Валянціна Макаед.
Значную дапамогу па добраўпарадкаванні вёскі, навядзенні чысціні і прыгажосці аказваюць работнікі Дражнаўскага сельсавета — Аляксандр Тупічын, Сяргей
Вечарынскі, Віктар Калядзін і Анатоль Шмігельскі.
Выбралі лепшыя сядзібы
На свяце ўрачыста падвялі вынікі конкурсу на лепшую сядзібу. Пераможцамі ў гэтым спаборніцтве сталі Святлана Заяц і Валерый Вечарынскі. Таксама пераможцай прызнана сядзіба Галіны і Станіслава Варажбіцкіх. Адзначылі і Ніну Тупічыну, якая заўсёды знаходзіць час, каб на сваім падворку ствараць рукатворны цуд.
Шчасце — у дзецях
У вёсцы ганарацца матулямі, якія выгадавалі пяцярых дзяцей і болей. Гэта Людміла Музычына, Яўгенія Марціновіч, Іна Вечарынская, Кацярына Вінаградава, Надзея Жымайла, Марыя Вечарынская, Феня Дражына. Вялікі дзякуй гэтым жанчынам за жыццёвую мудрасць і душэўную цеплыню, якую яны перадаюць дзецям!
Таксама ў гэты дзень падарункі атрымалі маленькія жыхары вёскі — Дзмітрый Макаед, Дзіяна Грыдзюшка, Сцяпан Рэпка, Вікторыя Музычына, Елізавета Яфімава, Анастасія Грошава, Юрый Музычын, Ларыса Грыдзюшка, Артур Музычын, Дзяніс Пігулеўскі, Ягор Вечарынскі, Ілья Яфімаў, Ганна Грошава і Арцём Ерамееў.
Дражнаўцы атрымалі памятныя падарункі, пачулі нямала шчырых пажаданняў ад гасцей . Святочнасць праграме і добры настрой надавалі канцэртныя і віншавальныя нумары, падрыхтаваныя артыстамі мастацкай самадзейнасці Старадарожчыны, а таксама заслужаным калектывам Рэспублікі Беларусь, фальклорным гуртом “Купалінка”, які запрасіў Уладзімір Дражын. Шмат прыемных хвілін падарылі дзецям індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прывезлі ў пачастунак сахарную вату і папкорн, а таксама арганізавалі гульні на батуце і горках.
Свята атрымалася на славу: добрае, светлае, вясёлае. Над аграгарадком плыла музыка, звонка спяваў гармонік, гучалі песні і гоман тых, хто ўсім сэрцам любіць сваю малую радзіму, шануе свае карані, хто па праву заслужыў сапраўднае свята. Гэтыя радасныя хвіліны надоўга застануцца ў памяці дражнаўцаў.
Comments are closed.