Абласное свята «Матчыны кросны” запланавана на канец жніўня
Унікальнае самабытнае ткацкае майстэрства на Старадарожчыне адрадзілася, як легендарны Фенікс, фактычна з попелу, з крупінак вясковых традыцый. Сёння яно з’яўляецца адным з самых актуальных творчых кірункаў. Вырабы нашых ткачоў праслаўляюць раён далёка за яго межамі, калекцыі прадстаўлены на буйнейшых арт-пляцоўках краіны, святы “Матчыны кросны” збіраюць тысячы людзей. Апошнія падзеі па развіцці старажытнага і моднага віду мастацтва пракаменціравала дырэктар Цэнтра рамёстваў Вольга Давыдкіна.
“У мінулыя выхадныя дэлегацыя нашых майстроў прыняла ўдзел у фестывалі “Александрыя збірае сяброў” на Шклоўшчыне, дзе традыцыйна адзначаюць Купалле госці з усіх куткоў Беларусі.
Наша выстава выклікала цікавасць у гледачоў і знаўцаў. У ёй было некалькі новых тэматычных акцэнтаў акрамя традыцыйных рушнікоў і паясоў. Мы прадставілі, у прыватнасці, узор старадарожскага народнага строю — старажытнай вопраткі тутэйшых жыхароў беларусаў-сакуноў. Распрацавалі мы яго па старых фотаздымках, па архіўных і музейных дакументах.
Карысталася папулярнасцю калекцыя экасумак — з лёну і вышываных, розных колераў і форм. Кожная з іх — непаўторная аўтарская работа ў адзіным экзэмпляры. Іх ахвотна набывалі, тым больш кошт невялікі — 10-15 рублёў.
Мужчынскія і жаночыя вышываныя кашулі вабілі сваёй натуральнасцю, якасцю і прыгожай традыцыйнай аздобай.
Літаральна адбою не было ад жадаючых паўдзельнічаць у майстар-класе па ткацтве. Людзі назіралі за працэсам, задавалі вельмі многа пытанняў, і іх імкненне набыць першы навык ткацтва паказвала: яно сапраўды зноў на вышыні!”
“Матчыны кросны”
“Абласное свята-фэст “Матчыны кросны”, якое стала адным з брэндаў нашага рэгіёну, запланавана на канец жніўня. Мяркуецца, што сёлета яно будзе надзвычай маштабным. І, як заўжды, у планах — новыя арт-праекты.
Свята па традыцыі праходзіць раз у тры гады і збірае лепшых ткачоў з усіх рэгіёнаў краіны і па-за яе межаў. Сёлета пра намер узяць удзел у фэсце заявілі прадстаўнікі Магілёўшчыны, Гродненшчыны, Расійскай Федэрацыі, і гэты спіс працягвае папаўняцца. Чакаецца прыезд народных майстроў розных кірункаў творчасці, арганізуюцца шматлікія выставы і шырокі гандаль вырабамі ручной работы.
Акрамя традыцыйных выстаў лепшых узораў ткацтва і захапляючых спаборніцтваў майстроў, будзе працаваць пляц разнастайных майстар-класаў. Арганізатары прадставяць таксама цікавы кулінарны праект і дэфілэ ў народных касцюмах”.
“Сёння, калі народныя традыцыі зноў перажываюць узлёт папулярнасці і сапраўднай народнай любові, цяжка нават уявіць сабе, з якога заняпаду яны пачыналі сваё ўзыходжанне пасля 90-х гадоў. Традыцыі ткацкай справы захавалі для нас народныя майстры Марыя Аляксандраўна Волкава, Таццяна Рыгораўна Міхалькевіч, Аляксандра Аляксееўна Праташчык. Мы — іх пераемнікі. І таксама, што радуе, выхавалі сабе змену. У Цэнтры рамёстваў навык пераймаюць 10 дзяцей і 10 дарослых, некаторыя за гэты час выраслі ў сапраўдных добрых спецыялістаў. Старадарожскае ткацтва вельмі развілося і набрала сілу. Мы адрадзілі і асвоілі розныя традыцыйныя тэхнікі, робім копіі старажытных вырабаў, карыстаемся паслугамі добрага майстра па вырабе ткацкіх станкоў. Вялікі прыгожы будынак адведзены ўладай пад Цэнтр рамёстваў, там зроблены рамонт, для работы ёсць патрэбныя матэрыялы. І наогул усё ёсць, каб захаваць неацэнную народную спадчыну. Так што працуем з натхненнем. А планы — неабдымныя! Упэўнена, што з часам будзем не горш знакамітай “Неглюбкі” — славутага музея на Гомельшчыне. Самабытнасць нашага краю і ўмелыя рукі нашых майстроў гэта дазваляюць”.
Іна КАНДАУРАВА.
Фотa з сайта mlyn.by