«Генеральная уборка» ў Глядавічах: знесена 8 старых хат, зрэзана 35 аварыйных дрэваў
Падчас суботніка мы заехалі ў Палажэвіцкі сельсавет паглядзець, як ідзе работа па навядзенні парадку.
Карціна парадавала. Тэхніка працуе на бросавых землях, якія неўзабаве будуць уведзены ў севазварот гаспадаркі ці перададзены ў рукі добрых прыватных гаспадароў. Тут разбіраюць трухлявыя хаты, разбураюць старыя падмуркі, выразаюць кустоўе і выкарчоўваюць пні. У адных толькі Глядавічах другое жыццё атрымаюць 18 гектараў, у Крываносах — 11, у Будзенічах — 3.
— Найбольшую ўвагу вырашылі ўдзяліць сёлета Глядавічам, бо ў гэтай вёсцы праблем было найбольш, — кажа старшыня сельвыканкама Людміла Прымачэнка. — Тут прайшла свайго роду генеральная ўборка. Знеслі 8 закінутых хат, зрэзалі 35 аварыйна небяспечных дрэў, ідуць работы па навядзенні парадку на зямлі. Надзвычай вялікую дапамогу людзям вёскі тут аказала мясцовая сельгасарганізацыя — ААТ “Палажэвічы”. Дырэктар Сяргей Сцяпанавіч Каролька сам мясцовы ўраджэнец і шчыры патрыёт родных мясцін, а яшчэ чалавек слова і справы. Калі размова ідзе аб добраўпарадкаванні вёсак, аб дапамозе сяльчанам, мы ніколі не сустракаем у яго адмовы. Ён пастаянна дапамагае тэхнікай, а куды без яе? Не ўсё могуць управіць адны толькі рукі сельскага актыву. Аднак і ім падуладнае многае.
Так, поўнасцю закончаны самы складаны ўчастак работы — уборка на грамадзянскіх могілках у Будзенічах, Палажэвічах, Прусах. Глядавічах. Тут шчыравалі работнікі фельчарска-акушэрскіх пунктаў, сацыяльныя работнікі, работнікі клубаў, настаўнікі і звычайныя нашы жыхары. Напрыклад, у Прусах вялізную грамадскую работу ўправіў Мікалай Рыгоравіч Пешчур. Ён хоць і на заслужаным адпачынку, але працуе малаказборшчыкам і на суботніку таксама паказваў прыклад у працы. На сяле цяпер засталася большасць жанчын, і яны сапраўдныя руплівіцы, аднак як ім, напрыклад, выносіць бярвенні і вялікае галлё? Добра, што побач быў Мікалай Рыгоравіч. Дзякуй яму і ўсім, хто дбае пра лёс нашай малой радзімы…
Фота з архіва рэдакцыі.