«Жыў-быў заяц» у Віцебску, а потым на «Перекрёсток» Навасібірска паляцеў
«Была ў зайца хатка лубяная, а ў лісы ледзяная»… Ведаеце? Асабіста мне было і лісу шкада. Канешне нельга ў чужую хатку хітрыкамі прабірацца і гаспадара праганяць. Але ж хай бы і заяц і ліса ў адной хатцы жылі. У міры і шчасці.
Народная казка. Я заўжды лічыла, што беларуская. Мікалай Шувалаў стварыў рускую версію для лялечнага тэатра, Пётр Ламан пераклаў на нашу мову, а Віктар Клімчук паставіў віцебскую інтэрактыўную казку «Жыў-быў заяц».
Акцёры, занятыя ў спектаклі — Вольга Лазебная, Яўген Гусеў і Валерый Зімніцкі. Сцэнаграфія — Алеся Сідарава, лялькі і касцюмы — Ганны Сідаравай, музыка — Алега Залётнева.
Рэгулярна і паспяхова пастаноўка 5+ ішла на працягу 13 гадоў і ўжо атрымала некалькі дыпломаў: у 2010 годзе ў Польшчы на Міжнародным фестывалі лялек «Anima-2010», Ольштын, у 2015 годзе — «За яркі і цэласны мастацкі свет» у Чэбаксарах і ў 2019 годзе — дыплом «Кніжнага шкапу» ў Брэсце.
У снежні пастаноўка была ў Карагандзе. А ў пачатку чэрвеня паляцелі ў Навасібірск на другі лялечны фестывль «Перекрёсток».
«Ляльку» запрасілі і аплацілі ўсе затраты. Нашы артысты толькі так могуць гастраліраваць. Зразумела – няма ж грошай у Віцебску на Тэатр.
Нашы павезлі рабочы спектакль, таму што дэкарацыі лёгкія і кампактныя
А прывёз наш «Заяц» з Навасібу вялікі хрустальны кубак — гэта ўзнагарода Вольгі Лазебнай за лепшую акцёрскую працу. А яшчэ дыплом за «Пазітыў і весялосць».
З нагоды радаснай падзеі, Беларускі тэатр «Лялька» запрасіў сяброў на міні прэс-канферэнцыю
Чаму «Лялька» так радуецца? Здаецца, што там фестываль недзе далёка за Уралам? Да іх жа пад 4000 кіламетраў. Былі ж ў 35+ жыцці «Лялькі» фестывалі і круцейшыя і болей вядомыя?
Бо артыстам вельмі патрэбны творчыя сустрэчы з калегамі, гастролі і розныя фэсты. Гэта творчы рост і развіццё.
У дзевяностыя і двухтысячныя гады нашы лялечнікі былі пажаданымі на фэстах Еўропы. Выступалі ў Германіі, Францыі, Югаславіі, не кажучы ўжо пра блізкую Польшчу ці Літву. І грошы на гэта былі і жаданне ўлады дапамагчы.
Але ж, па-першае, калі гэта было?! А — па другое, фестываль Навасібірскі, сапраўды, быў моцны.
Толькі ўдзел Маскоўскага тэатра лялек імя С. У. Абразцова — заснавальніка савецкай лялечнай школы, са спектаклем «Я — Сяргей Абразцоў» — многа значыць.
Дарэчы, Абразцоў мае непасрэднае дачыненне да Навасібірску. Яго тэатр быў у час другой сусветнай тут ў эміграцыі. Так, што сучасны Навасібрскі лялечны тэатр, практычна, яго дзіця.
Прымалі ўдзел у лялечным фэсте і іншыя лепшыя расейскія лялечнікі.
Журы «Перекрёстка — 2022» узначаліў вядомы гісторык і мастацтвазнаўца з Расіі — Барыс Галдоўскі.
Лепшым спектаклем была прызнана антываенная пастаноўка тэатра лялек Karlsson Haus (Санкт-Петербург) — «Дзяўчынка з запалкамі».
Лепшая рэжысёрская праца — Жак Матіссен «Непрыгожае качаня» тэатра з Піцера «Бродячая собака».
За лепшую акцёрскую працу адзначаны Вольга Лазебная — «Жыў-быў заяц» і Хатам Салімаў — «Дзьмухавец» з Душанбэ.
Спецыяльнымі прызамі адзначаны спектакль — «Я — Сяргей Абразцоў» Маскоўскага тэатра лялек імя С. У. Абразцова і «Каралева прыгажосці з Лінейна» Навасібірскага тэатра лялек.
Адкрыццём фестывалю быў названы андэграўндны спектакль для дарослых «Паша» лялечнага тэатра «Казка» з Барнаула.
Цікава, што «Пашу» паставіў беларускі рэжысёр — шматразовы намінант расійскай прэміі «Залатая маска», мінчанін Аляксандр Янушкевіч.
Наша рэжысёрская школа мае вагу на прасторы былога СССР
Віктара Клімчука з вялікім задавальненнем і рэгулярна запрашаюць паставіць спектаклі ў расійскіх тэатрах.
А якія ён ставіць спектаклі!
Напрыклад, «Маленькі прынц» у Дагестане з бюджэтам болей за 100000 даляраў. Гэта спектакль нават прывезлі на гастролі, к нам нельга, у нас сцэна маленькая.
І ў Белгарадзе наш рэжысёр дарагі госць. І там, акрамя дзіцячых спектакляў, ён ставіць тое, што жадае душа, напрыклад, дзве патрыятычныя пастаноўкі: «Гаворыць Ленінград», па матывам твораў Вольгі Бергольц, ці «Грэшневая каша» пра жыццё ветэрана ў расійскай глыбінцы — сучасная прытча па аповесці Людмілы Шаўцовай.
І ў Расіі разумеюць, што лялечны тэатр — гэта важна! І гэта сур’ёзна.
Вось і Навасібірск — горад з больш чым з 1,5 мільёнамі жыхароў, намагаецца ў дадатак да мноства культурных мерапрыемстваў, стварыць лялечную асаблівасць.
Яны хочуць стварыць Сібірскую школу лялечніка, таму і зладзілі фестываль з прафесійным журы і ўстанову, дзе вучацца артысты-лялечнікі.
А ў нас такі выдатны прыклад і такія майстры, а грошы знаходзяцца на ўсё, акрамя Тэатра і Філармоніі!
Ну хай сабе «Славянскі базар», хаця якое ж зараз яднанне братэрскіх славян, калі адны пайшлі і забіваюць другіх немаведама на што?
А колькі нейкіх дзіўных «конкурсаў прыгажосці» а-ля «Здароў савок”» ці нейкія фэсты іншаземных студэнтаў, кветкаводаў, непрафесійных танцораў і т.п і т.д.
А лялечныя цудоўныя спектаклі для дарослых — «Ладзя роспачы», «Нататкі вар’ята», «Дзядзька Ваня і тры сястры», «Дэкамерон» і «Мастак. Вяртанне ў Віцебск», добра, калі ідуць раз на год…
Не касавыя кажуць. Ну дык наша культура ж гэта не Лепс на плошчы і не соўганне на хадулях …
Культура выхоўвае і прывівае добры густ. Ну, калі нам гэта не патрэбна, то трэба будаваць турму. Бо, калі зачыняюцца дзверы тэатра, то насупраць адчыняюцца дзверы турмы…
Ну неяк так… Не весела…
Дарэчы ў Навасібірску вельмі жадалі стварыць міжнародны фармат «Перакростка» і запрасілі артыстаў з Нідэрландаў, Францыі, Беларусі,Таджыкістана і нават Кітая.
А прыехалі толькі з Віцебска і Душанбэ. І з нейкай дзіўнай краіны Данбас — Данецкі Рэспубліканскі Акадэмічны лялечны тэатр. Прычым апошнія не змаглі прывесці паўнацэнную работу, бо акцёраў забралі на вайну. Гэта так пра вайну і мір.
А зараз галоўнае:
Прыходзьце глядзець пастаноўку «Жыў-быў заяц» і нашу лепшую Мусю — Вольгу Лазебную, 18 червеня ў 11.00.
Источник: vkurier.com