Міншчына дзівосная: Старадарожскі раён

12

Наступны пункт прыпынку журналістаў у іх вандроўцы па прысталічным рэгіене — наш родны Старадарожскі раён. Што можна паказаць тут гасцям, турыстам?

ВАЛУН

З ліку гістарычных “асобінак” — даўно вядомы валун-гігант каля Старых Фалічаў. Каля валуна можна сфатаграфавацца на памяць і ўласнымі рукамі дакрануцца да маўклівага сучасніка вялікага ледніка. Валун “прыпоўз” сюды 500 тысяч год таму, калі ледзяны панцыр марудна сунуўся са Скандынаўскага паўвострава. Цяжар і моц яго былі такія, што леднік захапляў і валок з сабою і такія вось каменні, і нават большыя. Спынілася гэта навала якраз у межах нашага краю. Камяню пакланяліся многія пакаленні мясцовых жыхароў. Сення каля яго можна па старажытным звычаі павязаць на бярозку стужачку, загадаць жаданне на шчасце, сфатаграфавацца і пад шум соснаў выпіць гарбаты з тэрмасу (побач абуладкаваны пункт адпачынку).

КРЫЖ-ІДАЛ

Крыж-ідал з’явіўся сучаснікам параўнаўча нядаўна, некалькі год таму. Мясцовыя жыхары адкапалі яго ў цэнтры старажытных сінягоўскіх могілак, дзе даўней было капішча. Каменная постаць чалавека з высечанымі на грудзях і на вачах крыжыкамі мае вялікае падабенства з ліплянскім, пружанскім і іншымі знакамітымі ідаламі. Да крыжа-ідала ходзяць за вылечваннем хвароб і палегкай ад душэўных пакутаў.

ПРОШЧА

З гэтай жа мэтай наведваюць старажытную, нядаўна адноўленую капліцу ў шчыткавіцкай Прошчы. Па паданні, некалі мясцовыя жыхары сустракалі тут Божую Маці. Прынята браць з сабой з гэтых мясцін жменьку зямлі, якая мае лячэбныя і абарончыя ўласцівасці.

Хоць і маленькі наш гарадок, аднак тут есць некалькі вытворчасцяў, прадукцыя якіх вядомая далека за межамі Беларусі. У гасцева-турыстычны сезон заўседы поўна пакупнікоў у магазіне ТАА “Марк Фармэль”, дзе вырабляюць добры трыкатаж. А яшчэ мы, старадаражане, з поўным правам лічым, што няма смачней масла, чым наша — вырабу ўчастка Слуцкага сыраробчага завода. І, канешне ж, наша марожанае “Нежная королева”, каранаванае на многіх конкурсах за свой смак і натуральны склад.
Нельга абмінуць увагай разнастайныя сокі і таматны соус вытворцы Старадарожскага плодаагародніннага завода — таксама пераможцы цэлага шэрагу вытворчых спаборніцтваў дома і за мяжой. Натуральны склад, упакоўка ў экалагічна чыстую шкляную тару і выдатны смак дазваляюць паспяхова іх імпартаваць.
Даспадобы ўсім і мясцовая мінералка, прызнаная па смакавых якасцях адной з лепшых у краіне.

Comments are closed.