Медалі вярнуліся на Старадарожчыну: сямейны збор узнагарод перадаў у наш музей Уладзімір Бойка

0

Слуцкі прадпрымальнік і краязнаўца, які шмат сіл прысвячае патрыятычным праектам на роднай Случчыне і ў суседніх раёнах, днямі наведаў наш гісторыка-этнаграфічны музей з падарункам — багатым зборам юбілейных медалёў. Гісторыя калекцыі вельмі цікавая.

“Медалі мне дасталіся ад дзядзькі — матчынага брата Уладзіміра Фёдаравіча Рынкевіча, — распавядаў наш госць. — Карані яго радаводу — на Старадарожчыне, у вёсцы Мядзведня. Шмат год дзядзька працаваў начальнікам майстэрняў Слуцкага аўтапарка, а пачынаў некалі простым вадзіцелем. Вазіў народ са Слуцка на Бабруйск праз сваю малую радзіму — Старадарожчыну. Ездзіла гэтым рэйсам у Бабруйскае педвучылішча сімпататычная дзяўчына Тамара. Прыглянулася шафёру. На прыпынках у дарозе пазнаёміліся, пажаніліся — і прайшлі рука аб руку цэлае жыццё.

Яны добрасумленна працавалі і беражліва захавалі ўсе ўзнагароды, якімі радзіма адзначыла іх старанне. Даражылі імі. У старасці, аддаючы медалі мне, дзядзька прасіў: “Зберажы іх, аддай куды-небудзь на захаванне…”

З задавальненнем і пачуццём выкананага доўгу перадаю іх сёння ў ваш музей, які мне вельмі падабаецца. Думаю, маё рашэнне парадавала б уладальнікаў гэтых узнагарод”.
Акрамя таго, Уладзімір Уладзіміравіч перадаў у фонды музея некалькі экспанатаў ваенных часоў. Нагадаем, што гэта не першы яго дарунак і не першы выпадак падтрымкі, дапамогі ў справах патрыятычнага кірунку. За супрацоўніцтва госцю падзякавалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Дзмітрый Давыдаў і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Каролька.

Уладзімір Бойка — добры знаўца музейнай справы, і нам вельмі прыемна было пачуць яго шчырую адзнаку нашай экспазіцыі. Уважліва агледзеўшы выставы паштовай службы і “Хату беларуса-сакуна”, ён ад душы пахваліў іх і даў некалькі слушных парад.

Іна КАНДАУРАВА.

Leave A Reply

Your email address will not be published.