На Траецкія Дзяды свята вёскі прайшло ў Старых Фалічах

0

Свята супала з асаблівым днём — суботай напярэдадні Тройцы, калі царква і народ узгадваюць пайшоўшых з жыцця блізкіх усіх пакаленняў. Традыцыі радзімы адлюстраваліся ў святочнай дзеі: тут дзялілі каравай, ладзілі выставу саматканых ручнікоў, кланяліся памяці старэйшых пакаленняў і ўшаноўвалі сучаснікаў.

Зямля дыхала надыходам Тройцы: сонца ваўсю гаспадарыла ў небе, гарачы вецер перабіраў зялёныя косы вербаў і пацярушваў развешаныя саматканыя ручнікі. Мясцовы люд паціху падцягваўся да святочнага пляцу — хто пешшу, хто на аўто, хто на веласіпедзе. У чаканні дзеі тут можна было штосьці прыкупіць, меліся і забавы для дзяцей.

Мноства зацікаўленых гледачоў сабрала выстава старых фотаздымкаў — маўклівых сведкаў мінуўшчыны, якія назаўжды занатавалі сваім чорна-белым позіркам постаці і твары родных і знаёмых.

За свае заслугі падарункі ад улады атрымалі:
. герой вайны і ветэран працы
97-гадовы Георгій Маркавіч Такайчук;
. сацыяльны работнік, стараста вёскі, дэпутат мясцовага Савета, актыўная і клапатлівая Галіна Міхайлаўна Элаян;
. юбіляры, шчырыя працаўнікі сваёй радзімы Марыя Аляксандраўна Пеліна (80 год),
Георгій Іванавіч Лапанік, Ларыса Міхайлаўна Лапанік (60 год), Марына Міхайлаўна Лапанік, Сяргей Мікалаевіч Галуза, Валянціна Рыгораўна Смірнова, Уладзімір Уладзіміравіч Смірноў (50 год);
. бацькі самых маленькіх насельнікаў вёскі Арсенія Вярыгі і Міланы Лапанік;
. гаспадары самай прыгожай і дагледжанай сядзібы Людміла Пятроўна і Валянцін Мікалаевіч Лапанікі.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Дзмітрый Міхайлавіч Давыдаў і старшыня сельскага Савета Іна Мікалаеўна Гурбо шчыра прывіталі гасцей свята, звярнуўшыся да іх з віншаваннямі і добрымі пажаданнямі.

Усім жадаючым дастаўся кавалачак каравая хатняй выпечкі. Спадабалася народу
прадстаўленне на пляцы, стылізаваным пад вясковы падворак. А танчылі самыя
заўзятыя яшчэ амаль да вечара, нягледзячы на спёку.

Задушэўнымі спевамі ўсцешылі слухачоў артысты раённага цэнтра культуры і адпачынку. Далёка па наваколлі ляцелі знаёмыя мелодыі, ускалыхваючы ўспаміны і добрыя пачуцці.

Святы вёсак — працяг і адраджэнне традыцыі кірмашоў, якія даўней збіралі людзей у кожнай вёсцы па вызначаных святых днях. У Старыя Фалічы, напрыклад, з’язджаліся на госці ў жніўні. І няхай сёлета свята прыйшло “з апераджэннем графіка”, але ж прыйшло! І гэта азначае, што так-сяк бруіцца ў вёсцы крынічка часу, што памятаюць людзі свае вытокі і жыццё доўжыцца. І гэта самае галоўнае…

 

Leave A Reply

Your email address will not be published.