Пераўвасабленне: старыя фотаздымкі ў новых тварах
Адлегласць часу паміж гэтымі здымкамі складае больш за сто год.
Фота уверсе зроблена гісторыкам, этнографам Ісаакам Сербавым напачатку стагоддзя падчас навуковай экспедыцыі па Беларусі; на ім — карэнныя жыхаркі нашага рэгіёну.
На здымку знізу — старадаражанкі Алена Русаковіч і Наталля Бацылева.
Каштоўнасць ідэі праекта ў тым, што яна адсылае да першакрыніц. Акрамя таго, што гэта проста цікава…
Кожны стылізаваны партрэт суправаджаецца рэпрадукцыяй арыгінала.Серыя фота размешчана на сайце музея, а створаны на аснове гэтага матэрыялу ролік з музычным суправаджэннем — у групе ў “Аднакласніках”.
Спецыялісты разумеюць, што ўзяць для “раскруткі” ідэю пераўвасаблення сучаснікаў у персанажаў старых фота — досыць смелы крок. Тут мала вытрымаць строй і інтэр’ер ва ўсіх дэталях: трэба перадаць характар герояў, захаваць выраз твараў і сам настрой унікальных фота. Гэта зусім не проста. Мінавала цэлая эпоха, і мы змяніліся. Мы інакш трымаемся, інакш глядзім у аб’ектыў фотакамеры, інакш пазіруем…
Вось для прыкладу адна рыса: нашы прашчуры на фота Сербава практычна не ўсміхаюцца. На іх тварах застыў спакойна-задуменны выраз. Калі і лунае ўсмешка, дык зусім крыху — ледзьве асвятляе твар. Гэты сур’езны выраз характэрны нават для дзяцей і маладых людзей. Ва ўсіх — прамая постаць. Рукі, налітыя цяжкасцю працы, свабодна апушчаны ўздоўж цела або акуратна складзены…
Вельмі цікавыя вобразы — ілюстрацыі часу — створаны і на падставе здымкаў савецкага перыяду.
Цэлыя культурныя і псіхалагічныя пласты адкрываюць свае таямніцы дапытліваму позірку.
“Гэты праект нарадзіўся як замена традыцыйнай “Ночы музеяў”, якая праходзіць 18 мая і збірае ў музейных залах спецыялістаў і наведвальнікаў для самых цікавых творчых прэзентацый, — расказала дырэктар музея Наталля Бацылева. — Паколькі зносіны часова перанесены на прасторы Інтэрнэта, мы прыдумалі і ўвасобілі вось такую задумку. Работа над ёй вельмі захапіла. Працуючы над падборам персанажаў, касцюмамі, прэзентацыяй праекта, проста не заўважала, як ляціць час. Думаю, пазней у гэтай невялікай партрэтнай галерэі з’явіцца працяг…”
Апошнім часам гісторыка-этнаграфічны музей часта радуе добрымі творчымі знаходкамі, навінамі, праектамі. Сачыце за імі на сайце і ў сацыяльных сетках, глыбей зведвайце мінулае малой радзімы — і вам будзе лягчэй разабрацца ў перыпетыях цяперашняга жыцця. Гэта — неаспрэчны факт…