Работнікі культуры і ідэалогіі правялі выніковую нараду

0

Выніковая нарада аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама адбылася ў чацвер у Палацы культуры. Былі заслуханы справаздачы аб дзейнасці раённай бібліятэкі, клуба майстроў “Спадчына”, Цэнтра культуры і вольнага часу ў аграгарадку Старыя Дарогі, маладзёжнага цэнтра “Юнацтва”. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Каролька падвяла вынікі года і акрэсліла задачы на будучыню. Сярод іх — умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, заахвочванне маладых спецыялістаў, цесная праца з падрастаючым пакаленнем, шырокае выкарыстанне магчымасцяў Інтэрнэта і сацыяльных сетак. Таксама прайшоў сход раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.

Пра работу раённага клуба майстроў “Спадчына” расказала яго кіраўнік Святлана Міхеева. Клуб працуе з 1998 года на базе Цэнтра рамёстваў. Напачатку ён аб’ядноўваў 29 майстрых. Сёння ў яго радах не толькі жанчыны, але і мужчыны. У мінулым годзе клуб арганізаваў звыш 50 выстаў і адсвяткаваў 20-гадовы юбілей. На працягу года дзейнічала вялікая “Галерэя талентаў”, дзе было аформлена 12 персанальных выстаў таленавітых майстрых.

«Дзейнасць кожнай з 17 бібліятэк раённай бібліятэчнай сістэмы прайшла пад знакам Года малой радзімы. Для тых, хто даўно сябруе з кнігай, але жыве ў аддаленых вёсках, існуе бібліобус — бібліятэка на колах», — распавяла дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Алена Лапанік. У мінулым годзе паслугамі бібліобуса скарысталіся 700 чытачоў. Сёння ў раёне дзейнічае 5 публічных цэнтраў прававой інфармацыі, паспяхова існуе народны клуб самадзейных паэтаў “Арэскія вытокі”.

Гэты год для бібліятэкі таксама будзе насычаны падзеямі. Наперадзе — 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 495-годдзе Старых Дарог, юбілей нашага земляка літаратара Кастуся Цвіркі.

На добрым рахунку знаходзіцца Старадарожскі цэнтр культуры і вольнага часу. У мінулым годзе тут правялі звыш 240 мерапрыемстваў, адзначыла дырэктар Валянціна Спадар. Працуе 10 клубных фарміраванняў для талентаў усіх узростаў. Для дашкольнікаў існуе кружок “Гарэзы”. Юныя аматары фальклору наведваюць гурток “Сёмушкі” пад кіраўніцтвам Ірыны Кірылкі. Для іх матуль і бабуль працуе аматарскае аб’яднанне “Майстрыха”. Увогуле складана пералічыць усе гурткі і вечарыны, арганізаваныя спецыялістамі мясцовага Цэнтра. Цікавая форма работы — заняткі з дзецьмі з “групы рызыкі”. Нават простае афармленне сцэны, клопат пра рэквізіт надаюць такім дзецям пачуццё ўласнай патрэбнасці, таму іх стараюцца займаць па ўсіх кірунках дзейнасці.

Асобная тэма — аказанне платных паслуг. У прыклад іншым ставілі вопыт маладзёжнага цэнтра “Юнацтва” пад кіраўніцтвам Таццяны Кур’яновіч, дзе ў мінулым годзе далі старт правядзенню Дня імянінніка. Спецыялісты арганізоў-ваюць вясёлы дзень нараджэння для кампаніі дзяўчынак і хлопчыкаў. Прыгожа ўкрашаная зала, дыскатэка, аніматары, раставыя лялькі, фотасесія — платная паслуга карыстаецца попытам. За паўгода ў “Юнацтве” арганізавалі 26 дзіцячых святаў.

“Гэты вопыт могуць пераняць і іншыя нашы клубныя ўстановы, — адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Дзевяцень. — Упэўнены, што паслуга будзе карыстацца попытам.”

Leave A Reply

Your email address will not be published.