Старадаражане святкуюць Дзень незалежнасці — галоўнае свята краіны
Сёння наша краіна шырока святкуе Дзень незалежнасці — галоўнае свята суверэннай Беларусі. Да ўрачыстасцяў далучылася і Старадарожчына. У гэты дзень гараджане і госці горада, дзеці і дарослыя з бадзёрым і святочным настроем выйшлі на ўпрыгожаныя сцягамі вуліцы Старых Дарог.
На галоўнай плошчы горада быў наладжаны святочны канцэрт, працавалі забаўляльныя пляцоўкі, а на гарадскім стадыёне прайшла легкаатлетычная эстафета «Насустрач Перамозе» і сямейна-спартыўнае свята. На гэтым мерапрыемствы не скончаныя: у 20.00 нас чакае вечар адпачынку «Беларусь святочная».
У Дзень незалежнасці асаблівая ўвага — ветэранам Вялікай Айчыннай, салдатам Перамогі. Перш-наперш ушанавалі памяць воінаў, што не вярнуліся з крывавых палёў вайны. Нізкі паклон тым, хто цаной свайго жыцця адстаяў незалежнасць нашага краю! Нязгаснае полымя Вечнага агню будзе напамінам нашчадкам пра подзвіг герояў.
Цэнтральнай падзеяй дня стаў вялікі святочны канцэрт «Паклон табе, мой беларускі край!». На пляцоўку Палаца культуры выйшлі лепшыя артысты Старых Дарог.
Натхніў гледачоў духавы аркестр дзіцячай школы мастацтваў.
Гучных апладысментаў удастоіўся сямейны дуэт Валенцюкевіч.
У скверы каля музычнай школы прафілактычныя акцыі для дзяцей і дарослых правялі супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Героі свята Незалежнасці і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — ветэраны, чые рады з цягам часу, на жаль, становяцца ўсё меншымі. Затое памяць пра подзвіг вызваліцеляў жыве і будзе жыць у сэрцы кожнага беларуса.
Артысты Старадарожчыны пранікнёна спявалі песні, прысвечаныя старонкам ваеннай гісторыі, народныя кампазіцыі, папулярныя мелодыі.
Гады, апаленыя вайною — наша славутая гісторыя, без якой не было б сучаснасці: квітнеючых гарадоў і вёсак, дзіцячага смеху, налітага зернем калосся ў руках хлебаробаў. Сімвалічна, што менавіта ў Дзень незалежнасці ў цэнтры Старых Дарог шумна прайшло яшчэ адно значнае мерапрыемства — раённы конкурс «Уладар сяла-2019». У ім прынялі ўдзел лепшыя сельскія сем’і з розных куточкаў нашага раёна. Падрабязны рэпартаж пра тое, як канкурсанты змагаліся за званне «Уладар сяла», ужо хутка чытайце на нашым сайце і на старонках раённай газеты.
Падчас святочнага канцэрта шмат лірычных і душэўных песен было прысвечана роднай старонцы і нашай прыгожай краіне.
Урачыстыя мерапрыемствы будуць працягвацца. Святкуем разам з краінай!