Стартаваў раённы арт-праект «Майстры сучаснай эпохі»

0

У пачатку года аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і Цэнтр рамёстваў далі старт арт-праекту “Майстры сучаснай эпохі”.  Арганізатары знаходзяцца ў актыўным пошуку новых майстроў і ўмельцаў па народнай творчасці і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.

“У гэты перыяд мы будзем наведваць майстроў нашага рэгіёна, якія захоўваюць традыцыі і для якіх любімым заняткам сталі сучасныя віды мастацтва, — кажа дырэктар Цэнтра рамёстваў Вольга Давыдкіна. — Збіраем інфармацыю пра іх творчасць, прыцягваем да ўдзелу ў выставах і конкурсах, папаўняем наш фотакаталог, які і так ужо даволі важкі.

У нашым раёне шмат творчых людзей. Мы хочам убачыць іх прыгожы бок жыцця, увайсці ў іх свет фантазіі, уяўлення, даць магчымасць раскрыцца і падзяліцца сваім вопытам з іншымі. Таму мы гатовыя адкрываць новыя імёны старадарожскіх народных майстроў і запрашаем іх да супрацоўніцтва”.

Для тых, хто ўмее і любіць ствараць прыгожае і незвычайнае, арганізоўваюцца персанальныя выставы ў Цэнтры, сустрэчы і майстар-класы з жадаючымі навучыцца таму ці іншаму віду творчасці. Магчымасць паказаць сябе і свае работы ў гэтым годзе выкарыстала Людміла Бахановіч, якая займаецца квілінгам, дэкупажам, вязаннем, пляценнем з газетнай лазы і шмат іншым. Цікавай была сустрэча з самадзейнай мастачкай Нінай Кахановіч, чые карціны сапраўды ўражваюць. З задавальненнем падзяліліся вопытам ткацтва паясоў і вышыўкі Ніна Пархімовіч і Ніна Дзенісевіч. Вольга Арцёмчык, якая ўжо на прафесійным узроўні займаецца дэкупажам, правяла семінар-практыкум. У ліпені Марыя Гуткоўская падзеліцца з гледачамі сваім вопытам па стварэнні ўнікальных і непаўторных шкатулак, кветак з тканіны і вырабаў, звязаных кручком.

Leave A Reply

Your email address will not be published.