Трое мужчын дапамаглі патушыць вялікі пажар на Арэсе, не пабаяўшыся сцяны агню
Паведамленне аб пажары ва ўрочышчы Буяціна паступіла ў МНС уночы: запалаў сухі чарот паміж абвадным каналам і Арэсай.
Агонь падняўся сцяною, зарыва было бачнае здалёк. Аўтамабілі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях падаспелі хутка, аднак перашкодай на іх шляху стаў канал; давялося спыніцца. Пад’ездаў паблізу не было. Тым часам пажар хвіліну за хвілінай адыгрываў на сваю карысць.
Раптам выратавальнікі ўбачылі, як на другім беразе насустрач спяшаюцца трое мужчын. Рамшчык лясгаса Генадзь Шынкароў, вартаўнік ваеннай часці Мікалай Гурыновіч і ваенны пенсіянер Міхаіл Міхеенка, не вагаючыся, прыйшлі на дапамогу. Трэба сказаць, што гэта было справай нялёгкай. Ноч стаяла халодная, вада — ледзяная, але Шынкароў не вагаўся: хутка распрануўшыся, пераплыў канал і гэтак жа ўплаў вярнуўся з пажарным рукавом, прывязаным да вяроўкі. Пажар сталі тушыць, падаючы ваду з аўтацыстэрны на другі бераг. Трое мужчын дзейнічалі энергічна і дружна. Неўзабаве ачаг агню ўдалося лакалізаваць і знішчыць.
“Фактычна дзякуючы гэтым траім старадаражанам удалося выйграць час і адбіць у агню насосную і лодачную станцыю, — кажа начальнік РАНС Уладзімір Усеня. — Яны дзейнічалі, як прафесійныя выратавальнікі і як сапраўдныя мужчыны. Хочацца са старонкі раённай газеты шчыра падзякаваць ім за дапамогу, за праяўленыя смеласць і знаходлівасць!”
Іна КАНДАУРАВА.