Тры царквы за адным сталом: святары сустрэліся з намеснікам упаўнаважанага па справах рэлігій
Намеснік упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Беларусі Алена Радчанка правяла сустрэчу з прадстаўнікамі праваслаўнай, рымска-каталіцкай і пратэстанцкай цэркваў.
“Ваша праца неабходна грамадству, — падкрэсліла, распачынаючы размову і звяртаючыся да святароў, Алена Радчанка. — Людзі маюць вялікую патрэбу ў духоўным акормліванні; яны хочуць, каб іх пачулі і зразумелі. Тут вашу ролю немагчыма пераацаніць”.
Галоўная выснова дыялогу радуе: відавочна, што ў гэтай галіне няма вострых пытанняў, праблем і канфліктаў. Прадстаўнікі розных канфесій аднолькава камфортна адчуваюць сябе на Старадарожчыне як у прававым полі, так і проста па жыцці, і добра ладзяць паміж сабой.
Людзей радуюць цёплыя і ўзаемапаважныя адносіны, якія склаліся паміж рымска-каталіцкай і праваслаўнай суполкамі і асабіста паміж благачынным айцом Ігарам Кручко і настаяцелем касцёла айцом Аляксеем Рамановічам.
Цяперашні дзень адзначаны добрымі падзеямі — завяршылася будаўніцтва храма Святога Мікалая Цудатворцы і набліжаецца да фіналу ўзвядзенне касцёла. Заўважце: на працягу ўсёй гісторыі нашага невялікага горада ў ім не было ніводнага фундаментальнага храма, а цяпер вось — адразу два.
Ксёндз Аляксей у размове цёпла дзякаваў за ветлівасць і зычлівасць калегам з ліку духавенства, прадстаўнікам улады і простым людзям. Ён адзначыў, што на Старадарожчыне адразу сустрэў сардэчны прыём і паразуменне. Дарэчы, пропаведзі ў нашым касцёле гучаць на беларускай мове, якой ксёндз, прыехаўшы на пастырскае служэнне з Польшчы, вельмі добра авалодаў. Дзякуючы і гэтаму таксама суполка веруючых павялічваецца.
— Няма праблем, няма пытанняў, — коратка абмаляваў сітуацыю ў праваслаўным прыходзе благачынны. Храм абуладкоўваецца, прыход умацоўваецца, добрыя адносіны склаліся з дзяржаўнымі структурамі. Пацвярджэнне гэтаму — вопыт маладога іерэя Уладзіміра Старчака. Некалькі год таму яны разам з жонкай Ганнай выступілі ініцыятарамі правядзення “Калядных баляў” для моладзі. Пачатак добрай справе быў пакладзены пры актыўнай падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Сёння святар і ўлада працуюць ужо звыкла і зладжана. Прыгожыя танцавальныя святы выхоўваюць хлопцаў і дзяўчат у павазе да традыцый, у разуменні і глыбокім адчуванні культуры. Мерапрыемства, якое праходзіць на высокім узроўні, унесена ў спіс епархіяльных.
— Усё, што можна, стараемся рабіць самі; а што не пад сілу — з тым ідзем да кіраўніка гаспадаркі, да старшыні сельсавета і заўсёды атрымліваем дапамогу, — шчыра падзяліўся айцец Уладзімір. — Усё па-простаму, па-чалавечаму, адкрыта. Да прыкладу, абуладкоўвалі мы храм, і спатрэбілася калодзеж зрабіць і лаўкі. Пайшоў я з гэтай просьбай да дырэктара “Палажэвічаў” Сяргея Сцяпанавіча Каролькі. Ён кажа: “Пачакай крыху, цяпер мне няма калі, але я цябе пачуў”. Праз некаторы час тэлефануе: “Забірай. Гатова”… Нават нагадваць не давялося. Дзякуй за такое стаўленне ўсім, хто падтрымлівае святароў на месцах.
Кіраўнік пратэстанцкай суполкі Мікалай Свінко выказаў пажаданне, каб у Сінягове пабудавалі спартыўную пляцоўку для дзяцей і моладзі.
— Спартыўныя пляцоўкі патрэбны як у Сінягове, так і ва ўсіх населеных пунктах, дзе ёсць моладзь, — адзначыла, адказваючы на пытанне, Святлана Каролька. — Попыт тут перавышае прапанову. Аднак у вырашэнні такіх пытанняў добры і больш хуткі вынік даюць калектыўныя намаганні, калі актыў вёскі працуе пры падтрымцы ўлады. Добрая ініцыятыва і канкрэтны ўклад у яе ўвасабленне заўсёды вітаецца і падтрымліваецца Такі падыход падаецца правільным як і з дзяржаўнага,так і з хрысціянскага пунктаў гледжання.
Іна КАНДАУРАВА.
Фота Вікторыі СЫЦІК.