У нашых дзяцей залатыя рукі

0

У Цэнтры рамёстваў працуе раённая дзіцячая выстава
па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве “Рукатворны цуд”.

 

Праводзіцца яна ў другі раз і, здаецца, атрымала шматгадовую прапіску. Колькасць удзельнікаў вырасла ў параўнанні з мінулым годам (у выставачнай зале яны ледзь усе памясціліся), а таму можна ўпэўнена сказаць, што юныя старадаражане зацікаўлены творчасцю, працягваюць мясцовыя традыцыі і з задавальненнем асвойваюць новыя віды дэкаратыўна-пры-кладнога мастацтва.

Свае творы на выставе-конкурсе прадставілі пяцьдзесят два ўдзельнікі ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў. Усе яны з’яўляюцца гурткоўцамі Старадарожскага, Палажэвіцкага, Горкаўскага Цэнтраў культуры і вольнага часу, Языльскага сельскага Цэнтра культуры і адпачынку, Шчыткавіцкага культурна-дасугавага цэнтра, Цэнтра рамёстваў і Цэнтра дзіцячай творчасці “Святліца”. Рабяты імкнуліся вырабіць штосьці непаўторнае, незвычайнае, асаблівае. Большасці ўдзельнікаў сапраўды ўдалося здзівіць журы, і вырабы пераможцаў конкурсу па праву можна назваць рукатворнымі цудамі.

Шмат было прадстаўлена лялек з тканіны і саломкі. Нельга не ўсміхнуцца і не прыгадаць дзяцінства, гледзячы на казачных герояў — Бабу Ягу, Дамавіка, Прынца і Прынцэсу; і нават Чорт выглядае неяк па-добраму.

Асобны стэнд занялі карціны, якія выкананы па матывах “рухаўскіх дываноў” (аплікацыя саломкай), а таксама сплеценыя з саломкі вянкі і абярэгі для дома. Захапляюць мноствам фарбаў саматканыя ручнікі і паясы; ёсць нават гадзіннік з элементамі нацыянальнага каларыту, прычым у рабочым стане; прыгожыя карціны, вышытыя крыжыкам і бісерам;  сям’я мядзведзяў, звязаных кручком.

Не забыліся ўдзельнікі і пра важкую спартыўную падзею для Беларусі — ІІ Еўрапейскія гульні: лісёнак Лесік, выраблены з каляровага картону ў фармаце “3D”, дэманструе розныя віды спорту пад слоганамі “Ідзі за марай”, “Яркі год, яркі ты”, “Час яскравых перамог”. Уся зала патанае ў вясёлкавых колерах кветак.

Знайшлося месца і для сучасных відаў мастацтва — дэкупажа, пляцення з газетнай лазы і атласных лентаў, арыгамі і іншага. Сапраўды, уражанні толькі захапляльныя, і кожная работа дастойна самай высокай адзнакі.

Журы вызначыла лепшых аж у пятнаццаці намінацыях. Так, пераможцам у намінацыі: “За захаванне народных традыцый” стала Дар’я Яфрэменка (Цэнтр рамёстваў), “За вытанчанасць і майстэрства” — Хрысціна Козел (Цэнтр рамёстваў), “За творчы пошук і мастацкую фантазію” — Анастасія Праташчык і Дар’я Галуза (“Святліца”), “За лепшы тканы выраб” — Анастасія Жалдак (аграгарадок Старыя Дарогі), “За лепшы тканы пояс” — Ганна Панарына (Цэнтр рамёстваў), “За лепшы выраб з саломы” — Сафія Калеснік (Палажэвічы), “За лепшы вышыты выраб” — Аліна Муравейка (Горкі), “За лепшы выраб лялькі” — Вікторыя Яфімовіч (“Святліца”), “За лепшы гліняны выраб” — Ясенія Зык (“Святліца”), “За лепшы выраб з прыродных і штучных матэрыялаў” — Дар’я Бобка (Шчыткавічы), “За арыгінальнасць выкарыстання матэрыялаў” — Дзіяна Кірдун (“Святліца”), “За арыгінальнае выкананне” — Аляксандра Яфрэменка (Цэнтр рамёстваў), “Самая крэатыўная работа” — Максім Кадушкін (Цэнтр рамёстваў), “За цікавае і незвычайнае рашэнне” — Ксенія Амяльчэня (Языль), “Сувенір-падарунак” — Аліна Казачок (аграгарадок Старыя Дарогі).

Выстава будзе працаваць да канца чэрвеня. Абавязкова прыходзьце і атрымайце асалоду ад зробленага дзіцячымі рукамі!

Leave A Reply

Your email address will not be published.