Адкрыццё выставы, прысвечанай нематэрыяльнай культурнай спадчыне Мінскай вобласці, адбудзецца 12 верасня 

Прэзентацыя нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі шырокай публіцы – гэта заўсёды значная і ўнікальная падзея. Нематэрыяльная спадчына з’яўляецца краевугольным камнем ідэнтычнасці беларусаў. Лакальныя сакральныя і свецкія традыцыі, абрады, спевы, танцы, рамёствы разам з мовай, літаратурай, жывапісам робяць абстрактныя аб’екты жывой і нежывой прыроды канкрэтнымі «нашымі», «беларускімі». Вобраз Беларусі ў свядомасці яе жыхароў складаецца, як пазл, з элементаў нематэрыяльнай спадчыны і гэты вобраз злучае нас у адзіны народ. 

На выставе будуць прадстаўлены 12 элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны з розных куткоў Мінскай вобласці, у тым ліку два элементы, якія ўключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэта калядны абрад «Цары» з в. Семежава Капыльскага раёна, а таксама ўрачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай («Будслаўскі фэст», Мядзельскі раён). Трэба адзначыць, што разам ўсе 12 элементаў выстаўляюцца ўпершыню.

Выстава будзе доўжыцца з 12 верасня па 13 кастрычніка 2019 года.