У цэнтры рамёстваў праходзіць выстава фотаздымкаў “Фотафакт: гісторыя свята-конкурсу “Матчыны кросны”.

Тут сабраны фатаграфіі з усіх сямі святаў, што праходзяць раз у тры гады. На асобным стэндзе размешчаны тканыя вырабы, якія пакінулі ў падарунак музею ўдзельнікі конкурсу.

Дзякуючы гэтаму мерапрыемству наш горад атрымаў статус сталіцы ручнога ткацтва. Першыя “Матчыны кросны” сабралі лепшых майстроў Міншчыны 14 ліпеня 2000 года. Тады да нас прыехалі ткачыхі са Слуцкага, Салігорскага, Капыльскага, Уздзенскага, Вілейскага, Чэрвеньскага, Нясвіжскага, Любанскага раёнаў. Старадарожчыну прадстаўлялі Народныя майстры Беларусі Марыя Аляксандраўна Волкава, Таццяна Рыгораўна Міхалькевіч і Аляксандра Аляксееўна Праташчык. Першапачынальнікам так спадабалася свята, што ўсе сталі пастаяннымі яго ўдзельнікамі. З кожным разам колькасць майстроў і геаграфія свята-конкурсу пашыраліся. Так, у 2017 годзе ўдзел у ім прымалі ўжо 150 ткачоў з 13 раёнаў Мінскай вобласці. Прыязджалі канкурсанты і з Магілёўскай, Брэсцкай абласцей. Нават былі два майстры з Клайпеды (Літва) — Рыта Будракавічэне і Іяланта Бракайтэ.

Запланавана правядзенне VІІІ абласнога свята-конкурсу па ткацтве “Матчыны кросны” і ў гэтым годзе. Зараз ідзе падрыхтоўка. А пакуль можна ўспомніць, як гэта было, наведаўшы цікавую фотавыставу…

Вікторыя СЫЦІК.

Фота: цэнтр рамёстваў.