Чарговы выезд “на раён” зноў падараваў цікавае знаёмства з чалавекам, які не займаў вялікіх пастоў, які не мае значных узнагарод, але сваімі мазолістымі рукамі і любоўю да зямлі падымаў гаспадарку і разам з аднавяскоўцамі ішоў да светлай будучыні. Едзем у вёску Новыя Фалічы разам са старшынёй Новадарожскага сельвыканкама Інай Мікалаеўнай Гурбо.

Гісторыя яшчэ адной жыхаркі Старадарожчыны ў многім падобная на іншыя, у многім свая асаблівая. Таццяна Іванаўна не прывыкла скардзіцца, а як “кімкі” (кемлівы) чалавек заўсёды знаходзіла і знаходзіць выйсце з любой сітуацыі. Наперадзе зіма, але бабуля зусім не сумуе. Ёй будзе чым заняцца. Толькі і ў холад кветкі на вокнах, зробленыя сваімі рукамі, будуць зіхацець рознымі колерамі і нагадваць, што пасля зімы абавязкова прыйдзе новая вясна.

“Я ўсё жыццё нешта шыю, вяжу, вышываю”

У хаце мы трапілі нібы ў музей. Безліч падушак з вышыванымі навалачкамі, тканыя посцілкі і ручнікі, на сценах — іконы з бісеру, на падаконніках — кветкі з тканіны. Большасць работ зусім новыя. Таццяна Іванаўна ў свае 82 гады з захапленнем займаецца творчасцю.

“Я ўсё жыццё нешта шыю, вяжу, вышываю. Фантазія ў мяне добра працуе, я «кімкі» (кемлівы) чалавек. Раней усе творчасцю займаліся, жыццё застаўляла, бо не было за што купляць адзежу. Пасля стала захапленнем. Не магу проста так глядзець тэлевізар, трэба рукі чымсьці заняць. Вось бачыце гэты шэраг невялікіх падушак на дыване? Адны з пер’яў, а другія паралонавыя са старых сядзенняў. Пашыла на падушкі навалачкі і ўпрыгожыла… Чым бы вы думалі? Выразала ўзоры з цюляў і прышыла. Яшчэ хусткі рознакаляровыя доўга ляжаць, не нашу, дык узяла і з іх кветачкі выразала. Зайгралі па-новаму і падушкі, прыгожымі атрымаліся абрусы.
Пасля гэтага шмат кавалачкаў тканіны застаецца. Вось вырашыла і ім прымяненне знайсці. “Нарадзіліся” такія яскравыя кветачкі. З вуліцы на акне вельмі кідаюцца ў вочы.

А гэта іконы з бісеру. Сама рабіла. Дачка неяк паказала, дык я захапілася. Засталіся толькі дзве, астатнія ўнукам падарыла, іх у мяне трое”.

“Хлопцы ці то ніткі парвуць, ці кудзелю запаляць. Па рэакцыі пазнавалі, ці дзеўка злосная”

Ткаць, вышываць ды кручком вязаць навучыла яшчэ маленькую Таццянку матуля Варвара Анісімаўна Емяльянава. Вялізны ткацкі станок у іх хаце ніколі не прастойваў. Мама ткала ручнікі, посцілкі, а малая каля яе круцілася ды пакрыху вопыту набіралася. Назірала, як матуля вышывала, і сама пачала. Вельмі добра ў яе атрымлівалася кручком плесці. “Кароў паганю на пашу, за дзень качолку нітак распляту. Маё вязанне ёсць нават на Сахаліне ў якасці падарунка.

Нітак хапала. Воўну пралі пасля працы. На вячоркі збіраліся ў Шуры Войчынай. Хлопцы так і хацелі шкоду дзяўчатам зрабіць: ці то ніткі парвуць, ці кудзелю запаляць. Па рэакцыі пазнавалі, ці дзеўка злосная. Хто праў, хто ткаў, абавязкова спявалі. Такія звонкія галасы былі, разносіліся на ўсю вёску…

А фарбавалі ніткі ў капусным расоле. Тады фарба добра бралася на нітку і доўга захоўвала свой колер”.

ЯК РАТАВАЛІ МЯСЦОВЫЯ МОГІЛКІ

Іна Гурбо пацікавілася ў старэйшай жыхаркі вёскі, чаму на мясцовых могілках шмат ямаў. Казалі, што ў вайну ад немцаў там дзеці хаваліся.

“Не. Невялічкія ямы і мы капалі, хавалі картоплю. А шырокі роў вакол могілак зрабіў дзед Апанашчык, дзядзька майго бацькі. Ён пражыў 102 гады. Я ўжо казала, што нашу вёску акружаў густы-прыгусты лес, мядзведзі там вадзіліся. Калі пахаваюць каго, яны раскопвалі і з’ядалі цела. Дык вось ён і выкапаў роў вакол могілак у два метры ў шырыню і два ў глыбіню. Мядзведзі болей не парушалі пакой пахаваных”.

КАРОВУ ЗА ШВЕЙНУЮ МАШЫНКУ

Таццяна Іванаўна заўважыла мой доўгі і цікавы позірк на драўляны “чамадан” на стуле. Гэта ў футляры швейная машына, якую сёння ўжо амаль нідзе не ўбачыш.
“Гэта мая першая і апошняя швейная машынка “Падольск”. Яе мне бацькі купілі яшчэ ў 1950 годзе. Яна і цяпер у рабочым стане, толькі шыю рэдка. Каб яе купіць, прыйшлося прадаць карову.

Тады трэба было раз у год заплаціць натуральныя налогі: кожная сям’я па-вінна была здаць 40 кілаграмаў ялавічыны, 180 літраў малака ад адной каровы, яшчэ яечак некалькі дзясяткаў. У нас на той час было дзве каровы. Адну вагой звыш 500 кілаграмаў здалі. За гэтыя грошы і купілі швейную машыну, аддалі за яе 550 рублёў на тыя грошы. Колькі яна прыгожых спадніц ды плаццяў пашыла і суседкам, і сяброўкам, і мне! Дзецям сваім адзежу я сама шыла”.

Бацька прайшоў дзве вайны

Таццяна Іванаўна нарадзілася і вырасла ў Новых Фалічах. Нягледзячы на тое, што даводзілася жыць у цяжкія гады, у яе сям’і заўсёды панавалі мір і згода.

“Нас у бацькоў было чацвёра: тры браты і я. Мой бацька Іван Маісеевіч Емяльянаў быў дабраком, ніколі ні рукі на маці не падняў, ні голаса не павысіў. Прайшоў дзве вайны: савецка-фінскую і Вялікую Айчынную. У баі быў сур’ёзна паранены ў руку, застаўся інвалідам ІІ групы. З-за ранення не мог працаваць на трактары, таму разам з маці быў у паляводчай брыгадзе, а яшчэ вартаваў калгасных кароў.

Добры быў чалавек. Чакалі вельмі, каб толькі жывы з вайны вярнуўся. Прыйшоў худы-прыхуды ў кажуху. Мы, малыя, сталі яго выганяць з хаты ды крычаць: “Мама, чужы, злодзей!” Не пазналі роднага бацьку…”

САРАФАН ДАРАЖЭЙ ЗА ЖЫЦЦЁ

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Таццяне Іванаўне было ўсяго чатыры годзікі. Ёй на ўсё жыццё запомнілася першая сустрэча з немцамі.

“У канцы вёскі стаяў невялікі завод, дзе рабілі цэглу. Наш дом быў за сялом на хутары. А вакол лес густы-прыгусты, вялізны яворнік (белы клён) рос, а дубы тоўстыя-тоўстыя. У лесе партызаны жылі. Немцы на складах паставілі вышку і стралялі па іх. Як загрымяць — мы хутчэй у пограб хавацца. Страшна было. Тады мы перасяліліся метраў на 200 бліжэй да сяла.

Аднойчы ў нашу хату прыйшлі немцы. Усе тады добра ведалі: калі яны прыхо-дзяць, то абяруць да ніткі. Таму адзенне і іншае закопвалі, каб не знайшлі. А мне суседка пашыла прыгожы сарафан малі-навага колеру. Ён ляжаў у куфары. Там практычна нічога не было, бо схавалі. Калі немец накіраваўся да яго, у мяне ўсё замерла ўнутры. Так шкада было свайго сарафана, што забяруць. Той адчыніў куфар, я падбегла, а малая была, толькі падбародкам змагла дастаць да краю кораба. Вочкамі гляджу, як немец узяў мой сарафан на палку, і ледзь не плачу. Ён пакруціў яго, паглядзеў, што малога памеру, і кінуў назад. А мяне рэзка адгроб ад куфару, каб крышкай не адсекла мне галаву”.

ВЁСКУ НЕ ЗРАЎНЯЛІ З ЗЯМЛЁЙ

“У вайну хацелі немцы спаліць наш канец сяла. Сярод мясцовых жыхароў яно завецца “старым сялом”, ад яго пайшла “расці” далей вёска. Тую палову завуць “крывель”, таму што там крывыя дарогі.

Неяк немцы прыйшлі браць сена, стагі стаялі за сялом. Па іх пачалі страляць партызаны і аднаго застрэлілі. Немцы вырашылі, што ў нашым канцы жывуць партызаны. А яны жылі ў лесе ў ямах (да цяперашняга копанкі захаваліся). У помстку прыехалі паліць нашы хаты. Запалілі адну зусім новенькую, пасля другую на горцы. У трэцяй была вельмі хворая жанчына, ляжачая. Ложак быў драўляны і ўспыхнуў бы імгненна. Людзі вынеслі яе разам з ложкам і паставілі пасярод вуліцы. Раптоўна немцы сабраліся, по-свойму “гыр-гыр-гыр” пагаварылі, сабраліся і паехалі. Больш дамоў не падпалілі. Так наша “старое сяло” засталося і далей разраслося”.

САМЫЯ ГАЛОДНЫЯ ЧАСЫ

Таццяна Іванаўна расказала, як страшна галадалі людзі ў першыя пасляваенныя гады.
“Тады была засуха, хадзілі жалуды збіралі ды малолі з іх муку. Ранняй вясной хадзілі па палях і з яшчэ мёрзлай зямлі выкопвалі картоплю. З картаплянага крухмалу рабілі пышкі. Іншыя ў нашай вёсцы «мяскавалі» ліпу, гэта значыць абрывалі кару дрэва (яна ўнутры слізкая) і елі. Кісель варылі з буракоў. Сахару не было, дык таркавалі яго з буракоў. Я і цяпер крухмал не купляю, сама з картоплі таркую”.

НАВУКА БЫЛА НЯДОЎГАЙ

“Пасля вайны пайшла вучыцца ў мясцовую школу. Мне ўжо было 8 гадоў. Першая настаўніца — Алена Мікіцічна Малец. Яна вучыла потым і маю дачку.

Брат мой Міша вельмі здольны да навукі быў, меў добрую памяць. Я чытаю гісторыю ўслых, а ён, пакуль лапці абувае, слухае, а тады слова ў слова перакажа. Алена Мікіцічна гэта таксама заўважыла. Калі выкліча на ўроку першым, то ён нічога не скажа, а вось выкліча Ліду Герасімаву, пасля яе і Міша руку цягне, усё як яна раскажа. Толькі не хацеў вучыцца. Я ж, наадварот, вершыкі ніяк не запамінала, а вось па рашэнні задачак першая ў класе была.

Закончыла толькі 4 класы. Далей трэба было хадзіць у Паставічы, я не пай-шла. Хадзіла з бацькамі ў калгас, сена грэбла, варочала, палола, картоплю ўбірала. Прарабіла ў паляводстве 42 гады”.

ЭХ, МАЛАДОСЦЬ…

“Моладзі тады шмат было ў сяле. Я гуляць мала хадзіла, бо баялася хлопцаў. Школа была побач, туды прывозілі кіно. Дык мы кралі дома яечкі, за такія “білеты” пускалі ў кіно. А Іван, будучы муж, потым прасіўся правесці дадому. Я ўцякала. Крыху пасмялеўшы, дазволіла, але ўсё роўна ішла і баялася. Давядзе да варотаў, і я шмыг хутчэй у хату. Усё ж выйшла за яго замуж. Ён працаваў трактарыстам у калгасе. Добра жылі, гадавалі сына Віктара і дачку Галіну. На жаль, ні мужа, ні сына ўжо няма з намі. Маю трох унукаў і двух праўнукаў”.

Вікторыя СЫЦІК.