Старыя Дарогі былі абраныя месцам сустрэчы талентаў са ўсёй вобласці невыпадкова: па-першае, сёлета горад святкуе 495-годдзе, а па-другое, тут даўно і плённа працуе народны клуб самадзейных паэтаў “Арэскія вытокі”. Ён — раённы па масштабе, але не па значэнні: у мінулым годзе клуб стаў пераможцам абласнога конкурсу “Творчы Алімп Міншчыны”.

Старадарожчына багатая на самадзейныя таленты: з 1997 года дзейнічае мясцовы клуб паэтаў “Арэскія вытокі”. Сёння ў яго радах амаль два дзясяткі ўдзельнікаў. Гэта людзі розных узростаў і прафесій, якіх з’яднала творчасць. Іх імёны вядомыя старадаражанам: Людміла Антанюк, Марыя Захарава, Таццяна Шпакава, Тамара Дзмітрук і іншыя ўжо не першы год радуюць нас сваімі вершаванымі радкамі. Кіраўніком клуба з’яўляецца Павел Цюленеў.

Выязное пасяджэнне “Жывіцы” было наладжана дзякуючы намаганням абласнога цэнтра народнай творчасці, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённай цэнтральнай бібліятэкі, раённага цэнтра культуры і адпачынку.

Мясцовыя паэты на правах гаспадароў шчыра віталі сяброў з розных куткоў нашага рэгіёна. Выязныя пасяджэнні “Жывіцы” — добрая традыцыя, дзякуючы якой паэтычныя галасы Міншчыны прагучалі ў многіх раёнах. Гонар прыняць творцаў выпаў старадарожскай зямлі ўпершыню.

Госці пачалі знаёмства з нашым краем з канцэртнай праграмы: артысты распавялі пра славутую гісторыю раёна, знакамітых землякоў. А потым паспяшаліся ўбачыць усё сваімі вачамі. Перш-наперш завіталі ў царкву свяціцеля Мікалая Цудатворцы. Нагода для візіту была значнай — пасяджэнне супала са святам Тройцы, адным з важнейшых для хрысціян. Пачэрпнуўшы з жыватворнай крыніцы духоўнасці, паэты і кампазітары завіталі таксама ў Старадарожскі гісторыка-этнаграфічны музей. І канечне ж, не абышлося ў гэты дзень без вершаў і песень: рыфмаваныя радкі гучалі са сцэны Палаца культуры, зрываючы гучныя апладысменты.

Поўная версія даступная падпісчыкам «НС»