Колькасць удзельнікаў раённага велапрабегу “Мой родны кут” сёлета перавысіла 240 чалавек.

Гэта людзі розных узростаў і прафесій, члены грамадскіх арганізацый і звычайныя жыхары Старадарожчыны, заўзятыя аматары веласпорту і “шапачна”з ім знаёмыя, уладальнікі розных веласіпедаў — ад новенькіх спартыўных да самых простых і “пажылых”…

З кожным годам колькасць удзельнікаў прабегу расце і сёлета дасягнула рэкорднай адзнакі. Гэта азначае, што энтузіястаў у нас па-ранейшаму шмат, а славу Вялікай Перамогі народ з часам шануе ўсё болей.

У натоўпе веласіпедыстаў панаваў вясёлы імпэт; адны ажыўлена размаўлялі са знаёмымі, другія ў апошні раз правяралі тэхніку, трэція давалі інтэрв’ю нашаму карэспандэнту. Рывок наперадзе быў сур’ёзны: 52 кіламетры адным махам не толькі па асфальце, але і па грунтоўках, дый з надвор’ем не пашанцавала. Але пераадолець шлях належала з гонарам: як адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Дзмітрый Давыдаў, маршрут сімвалічны. Ён пралёг па тых дарогах, якімі падчас Вялікай Айчыннай шлі савецкія войскі: у 41-м — мужна стрымліваючы націск ворага, у 44-м — у пераможным наступленні. Сёння ж кіламетры гэтых шляхоў бяспечна кладуцца пад колы веласіпедаў, на ўзбочынах разгортваюцца мірныя карціны жыцця і расцвітае вясна, а ў удзельнікаў ёсць мачымасць глыбей пранікнуцца настроем надыходзячых вялікіх дат. На кароткіх прыпынках у вёсках яны аддаюць паклон памяці воінаў, пахаваных у брацкіх магілах, сустракаюцца з сяльчанамі.

Прабег стартаваў каля помніка адважным партызанкам Ганне Каралёвай і Соф’і Бабаковай. Мітынг распачаўся ўскладаннем вянка да мемарыяла, выкананнем гімна Рэспублікі Беларусь і хвілінай маўчання ў памяць аб загінуўшых за вызваленне Айчыны. Старт веласіпедыстам даў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерый Гайдукевіч, які пажадаў усім удачы і адзначыў: “Краіне патрэбны прыхільнікі здаровага ладу жыцця!”