Старадарожскі цэнтр рамёстваў правёў тыдзень традыцыйнага мастацтва. Пазнаёміцца з даўняй тэхналогіяй ткацтва змаглі падчас семінара-практыкума, дзе ўдзельніцы народнага фальклорнага калектыву “Прусаўчанка” паказалі абрад “попрадкі” і навучылі з ільну прасці пражу.

ХАТКА-МУЗЕЙ у Прусах

Тут сабрана вялікая калекцыя прадметаў быту мясцовых жыхароў і захаваны выгляд старажытнага інтэр’ера. Ініцыятарам стварэння міні-музея стаў дырэктар мясцовага Дома культуры Рашыд Гасанаў, які сваімі рукамі зрабіў першы экспанат — імправізаваную печ. Звярнуўся да аднавяскоўцаў з просьбай падзяліцца старадаўнімі рэчамі. Многія адгукнуліся. Больш за ўсё падарункаў музею зрабілі Вольга Фамінічна Розум, Праскоўя Міхайлаўна Ласоцкая, Людміла Сцяпанаўна Ткачова.
Нядаўна музей папоўніўся новымі экспанатамі адзення — жаночымі строямі. 

ПРУСКІЯ “ПОПРАДКІ”

Гэты абрад падобны на традыцыйныя “вячоркі”. У адной з хат вечарам пасля працы збіраліся жанчыны і дзяўчаты і займаліся рукадзеллем. Маладзіцы рыхтавалі для сябе пасаг. Усе ткалі, вышывалі, вязалі, а яшчэ пралі кудзелю. Пры святле лямпы за дзявочымі размовамі, песнямі і жартамі спраўна круцілася верацяно…

Ох, сэрца — лянок… Вольга Якаўлеўна Балоцька — жанчына неверагоднай энергіі, жыццялюбства і бадзёрасці. А як заспявае — заслухаешся! Пра ткацтва яна ведае ўсё, бо гэтую навуку з маленства пераймала ад сваёй матулі. Добра памятае, як вырошчвалі лён, як рабілі ніткі, ткалі палотны і ўпрыгожвалі іх рознакаляровымі ўзорамі.

Ох, сэрца — лянок…

“У нашай сям’і было 35 сотак, — успамінае Вольга Якаўлеўна. — На іх маці, акрамя лёну, сеяла проса, жыта, картоплю садзіла, а яшчэ і для бурака ды капусткі трэба было месца знайсці. Таму наказвала, каб толькі ж бераглі лён. Адзін год яна загадала мне з братам Мішам сабраць яго, а сама пайшла ў калгас грэбці сена. Мы загуляліся і забыліся. Тады, каб хутчэй зрабіць гэтую работу, мы паскручвалі лён дзе нагамі, дзе рукамі. Маці, як убачыла, ажно заплакала, а нас добра шкуратом (скураны рэмень) адхадзіла.Трэба ж было, каб карэнні былі роўненькія, галоўкі — адна да адной. Шмат часу яна патраціла, каб перакласці лён як след. Так ставіліся да лёну, бо ён нас адзяваў.

Каб атрымаць ільняную нітку, трэба шмат працы перарабіць. Лён пасеюць, паполюць, пабяруць (вырывалі з карэннем), паб’юць семя, тады пасцелюць. Чатыры нядзелі ён ляжыць, сохне на полі. Пасля ў пагоду збіралі, ставілі ў кучкі. Калі пасохне, тады звязвалі ў пучкі. А потым церлі церніцай, трапалі і абдзіралі грэбнем для часання. І толькі тады падрыхтаваны лён трапляў на пралку. Кужаль ідзе на аснову, кудзеля — на ўток”.

чорнае + Белае

“Адны ніткі снавалі, з іх рабілася аснова тканіны. Другі прадзены лён выбельваўся ці фарбаваўся ў чорны. Такія ніткі выкарыстоўвалі, каб выдзяляўся ўзор на палатне.
Каб атрымаць выбелены лён, патрэбна яму нядзелі дзве паляжаць у канаўцы. Такое валакно называлі бель.

Адбельвалі і само тканае палатно. Неслі яго на траву, расцілалі і білі пранікам (драўляны брусок). А яшчэ клалі з іншай бялізнай (сарочкамі, ручнікамі), сыпалі попел наверх, лілі кіпяток, яно адпарвалася. Вада рыжа-рыжа. Тады ішлі на копанкі і пранікам лупілі-лупілі, а то і нагамі вытаптвалі. Пасля ў рэчцы выпаласківалі, уся рыжая вада вымывалася, а палатно станавілася бялюткім і мяккім.
Маці красіла льняныя штаны і сарочкі бруснічнікам. Назбірае, у чугуне зварыць, а пасля адзежу туды закідае. Вось так атрымліваўся рыжы колер”.

За справу — з песняй

Пакуль слухалі Вольгу Якаўлеўну, на “попрадкі” прыйшлі і рукадзельніцы — удзельнікі народнага фальклорнага калектыву “Прусаўчанка” Марыя Сямёнаўна Братчэня, Кацярына Іосіфаўна Стральчэня, Марыя Мікалаеўна Братчэня і кіраўнік Марыя Мікалаеўна Гасанава. Кожная з іх занялася сваёй справай: вязалі, вышывалі, маталі клубкі. А прасці ўзяліся гаспадыня Вольга Якаўлеўна і самая старэйшая майстрыха Алена Якаўлеўна Братчэня. Нягледзячы на сталы ўзрост жанчын (адной 76 гадоў, другой 82), рукі не забыліся, як гэта робіцца, і так спраўна ў іх атрымоўвалася.
Вольга Якаўлеўна спачатку пражу расклала і расцягвала ў некалькі пластоў, каб стала больш пышнай і паветранай. Яе лягчэй выцягваць і скручваць. А пасля жанчыны селі за прасніцы. Кудзеля прывязвалася да лопасці. Скручвалі гатовую нітку на верацяно. Так рытмічна рухаліся іх рукі: адной выцягвалі пражу, сукалі (круцілі) яе ў нітку, адначасова другой намотвалі яе на верацяно. Нітка атрымоўвалася тонкай і аднолькавай таўшчыні.

Збоку здалося, што нічога складанага тут няма, але на самой справе працэс няпросты. Гэта зразумелі тады, калі жадаючыя самі паспрабавалі прасці: то нітка рвецца, то на верацяно не наматваецца, то пальцы не паспяваюць выцягваць і тут жа круціць пражу. Толькі дзякуючы вопытным і цярплівым настаўнікам у пачынаючых праляў справа атрымалася.

Якаўлеўны толькі павучалі: “Танчэй цягні, а не як вяроўку, пражу трэба скубці. Перабірай яе, перабірай пальцамі. Гатовую нітку адкідвай на верацяно, яна так і завецца адкідыш. Маці некалі на нас казала, калі што не атрымоўвалася: “Дубовыя ў цябе рукі”… Ніткі з верацяна пасля маталі ў клубкі. За вечар тры добрых верацяна набяром. Сядзелі за прасніцамі да часу ночы, хто сколькі зробіць.
Як зоймешся работай, дык любую бяду перажыць лягчэй. А яшчэ добрым лекарам заўсёды была і застаецца песня. Спявалі і на вячорках, і на працы ў полі”.
Гэты занятак вельмі захапіў удзельнікаў семінара, непрыкметна праляцелі гадзіны. Пра-дзенне на прасніцы можна назваць сапраўдным мастацтвам. Упэўніліся на ўласным вопыце, што пры наяўнасці жадання і цярпення авалодаць ім можа кожны.

Вікторыя СЫЦІК.
Фота аўтара.