“Ідэалогія — гэта любоў да людзей, работы, Радзімы і краіны і пазітыўны погляд на жыццё”

0

Словы старшыні Мінскага аблвыканкама Анатолія Ісачанкі, сказаныя журналістам перад пачаткам выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення культуры, ідэалагічнай работы і па справах моладзі, змясцілі ў сабе сутнасць работы сферы. Яна абшырная і разнастайная: сёння яе спецыялісты ў розных галінах радуюць людзей творчасцю, натхняюць, аб’ядноўваюць. Губернатар падкрэсліў, што прафесіяналы павінны адчуваць тонкую грань паміж гонарам за сваю краіну і ўменнем бачыць праблемы і вырашаць іх, каб зрабіць жыццё лепшым.

Пасяджэнне прайшло ў аўторак у Дзяржынскім Палацы культуры. Удзельнікамі абмеркавання работы за год і задач на будучае сталі намеснік Главы адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Жаўняк, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, міністр культуры Юрый Бондар, старшыня Мінскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, намеснік старшыні аблвыканкама Іван Маркевіч.

Жыва і актыўна ішлі зносіны прафесіяналаў у кулуарах напачатку пасяджэння. Гэта, па сутнасці, яшчэ адна важная рабочая пляцоўка для абмеркавання праблем і абмену вопытам.

На парадку дня былі прафесійныя пытанні, аднак некаторыя моманты цікавыя і для шырокай аўдыторыі чытачоў. Так, напрыклад, начальнік упраўлення Таццяна Хмель, аналізуючы стан спраў, звярнула асаблівую ўвагу на неабходнасць развіваць сучасныя формы работы і актыўна працаваць у сацыяльных сетках, на сайтах.

Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, спыніўшыся ў сваім выступленні на праблемах невялікіх рэгіянальных выданняў, прывёў у прыклад свой нядаўні візіт у Старадарожскую рэдакцыю, даўшы станоўчую адзнаку нашай працы. “Гадаваць грамадзян краіны” — так вызначыў ён задачу ідэолагаў.

Коратка — аб галоўным

Анатолій Ісачанка:
«У нас ёсць шэраг пытанняў, неабходна перагледзець ідэалагічныя кадры. Добры ідэолаг — гэта “штучны тавар”. Трэба спалучаць перспектыву і вопыт. Мы не павінны стаяць на месцы. Калі мы штосьці робім, мы павінны паказаць, на што нашы людзі здольныя”.

Уладзімір Жаўняк:
“Паважаныя прадстаўнікі ідэалагічнага актыву! Не сядзіце ў кабінетах, ідзіце да людзей, ацэньвайце абстаноўку і прымайце рашэнні!”

Аляксандр Карлюкевіч:
“Сёння можна шмат гаварыць пра Інтэрнэт, бясконца даваць ацэнкі яго агрэсіўнасці і неўпарадкаванасці, але ясна, што нам не спыніць яго пашырэнне. Пры гэтам важна не згубіць змест, высокі адукацыйны гуманістычны складальнік той інфармацыі, якую мы самі генерыруем у інтэрнет-прастору, у сацыяльныя сеткі”.

Юрый Бондар:
“Ключавая роля ў ідэалагічнай рабоце належыць работнікам культуры. Прыемна, што Мінская вобласць выканала ўсе паказчыкі. Дарэчы, Міншчына з’яўляецца лідарам у вобласці па колькасці бібліятэк”.

Дрэва творчасці

На традыцыйнай творчай выставе кожны раён прадставіў у экспазіцыі сваё сімвалічнае “дрэва”, “вырашчанае” на дасягненнях, традыцыях культуры і каларыце мясцовасці. Старадарожскае дрэўца было бясспрэчна ў ліку лепшых. Яго аформілі ў выглядзе купальскага кола, дэкарыраваўшы тканымі ручнікамі і плеценымі на бярдзечку паясамі, а дапоўнілі кампазіцыю “лялькамі-старадаражанкамі” і рукадзеллем.

Нашы паэты падняліся на “Алімп”

На пасяджэнні калегіі па выніках штогадовага абласнога конкурсу “Творчы алімп Міншчыны” за высокія творчыя дасягненні ў сферы культуры ў 2018 годзе лепшым калектывам і работнікам урачыста ўручаны прэміі. У намінацыі «Аматарскія аб’яднанні і клубы” лідыраваў народны клуб самадзейных паэтаў “Арэскія вытокі». Дыплом атрымала дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Алена Лапанік.

Leave A Reply

Your email address will not be published.