Дзве ганаровыя даты адзначаць у чэрвені

0

Гэта 75-годдзе вызвалення Беларусі і 495-годдзе Старадарожчыны. Раён адсвяткуе іх вялікімі ўрачыстасцямі, якія будуць доўжыцца на працягу некалькіх дзён.

“Запрашаем усіх чытачоў раённай газеты, плануючы чэрвень, загадзя вызваліць ад усіх спраў і клопатаў 28, 29, 30 чэрвеня і 3 ліпеня. У нас ёсць цудоўная магчымасць правесці іх разам, дружнай грамадой, у радасці ад таго, што ў наш край прыйшлі два вялікія святы, — распавядае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Каролька. — 28 чэрвеня адбудуцца ўрачысты сход у Палацы культуры, удзел у якім возьмуць ветэраны і работнікі прадпрыемстваў і арганізацый, і вялікі канцэрт. Канцэртныя праграмы ў гэтыя дні прадставяць некалькі найлепшых рэспубліканскіх калектываў, што стане сюрпрызам для жыхароў раёна.
Будуць абавязковыя для такіх па-дзей парад ваеннай тэхнікі, шэсце працоўных калектываў і мітынг, на якім мы разам узгадаем заслугі старэйшых пакаленняў і паклонімся іх подзвігам.

Запланавана таксама ўшанаванне знакамітых жыхароў нашага раёна, якія ўнеслі асабісты важкі ўклад у яго развіццё.

Святочная дзея ахопіць увесь цэнтр горада, які, па сутнасці, ператворыцца ў адну вялікую творчую пляцоўку. Добрыя канцэрты пацешаць слых, цікавыя выставы парадуюць аматараў творчасці. Традыцыі нашай зямлі знойдуць адлюстраванне ў “горадзе майстроў”, дзе будуць прадстаўлены ткацтва, вышыўка і іншыя кірункі народнага мастацтва. Можна бу-дзе паназіраць, як на пленэры пад пэндзлем юных мастакаў нараджаюцца карціны, стаць балельшчыкам на фестывалі сямейнай творчасці, на конкурсах “Уладар сяла” і “Аўталедзі”. Аматараў спорту будуць чакаць на стадыёне ў якасці балельшчыкаў і ўдзельнікаў гульняў і спаборніцтваў.
Вас чакаюць таксама вельмі папулярныя паказальныя выступленні спецназаўцаў і супрацоўнікаў МНС. А яшчэ ў праграме — маладзёжны флэшмоб, лазернае шоу 3D, увечары — дыскатэка.

Асобна адзначу, што да свята прымеркаваны дзве адметныя падзеі: ключы ад сваіх кватэр атрымаюць жыхары чарговай шматпавярховай новабудоўлі і будзе ўрачыста перарэзана стужка на ўваходзе ў абноўлены, добраўладкаваны гарадскі сквер.
Асобна хочацца нагадаць, што гэта дні не толькі адпачынку, але найперш — памяці, традыцый і павагі да нашай мінуўшчыны. Няхай яны знойдуць водгук у вашым сэрцы, адаб’юцца ўспамінамі пра свой радавод і малую радзіму, любоўю і павагай да іх”.
Поўная і падрабязная праграма святочных мерапрыемстваў будзе размешчана на старонках раённай газеты днямі. Плануйце, прыходзьце, зараджайцеся пазітыўнай стваральнай энергіяй! Запрашайце з сабой родных, сяброў і гасцей раёна. На свяце хопіць месца і радасці для ўсіх.

Leave A Reply

Your email address will not be published.