Полымя пачынаецца з іскрынкі

17

Паболей работы, паменей папер

Кантралюючы работу назіральных камісій пры сельвыканкамах, начальнік райаддзела МНС Уладзімір Усеня і старшыня Савета дэпутатаў Дзмітрый Давыдаў раяць падыходзіць да справы менавіта так.
— Мы правяраем не паперы — мы глядзім, ёсць за імі сапраўдная работа або толькі справаздачы падшыты, — кажа Уладзімір Усеня. — Спрактыкаваным вокам гэта адразу бачна. Таму арыентуйцеся, калі ласка, найперш на якасць работы…

Сёння на парадку дня — візіт у Новадарожскі сельвыканкам. Размова атрымліваецца ажыўленай, зацікаўленай. Работа назіральных камісій — вялікі “кавалак” абавязкаў, па яе арганізацыі заўсёды ёсць пытанні. Члены камісіі начасцей наракаюць, што на падворныя абходы для праверкі проціпажарнай бяспекі нестае часу, сабраць каманду ў поўным складзе цяжка, усе праблемы выявіць немагчыма. Амаль усе члены камісій — жанчыны; а хіба можа настаўніца ці фельчарка ўгледзець усе недахопы электраправодкі ці эксплуатацыі печы?

Насельніцтва, у сваю чаргу, не заўсёды рада нечаканым гасцям (“Чаго вы па тры разы ходзіце?! Толькі што вашы прыходзілі!”).

Але… пры гэтым выяўляецца, што вось толькі прыходзілі, а гаспадары так і не выправілі памылкі, небяспека па-ранейшаму навісае над хатай.
У складзе новадарожскай назіральнай камісіі — работнікі МНС, міліціі, школы, сацыяльных структур. Няпроста дайсці да кожнай хаты, дастукацца да свядомасці кожнага чалавека — і да ўпартых пенсіянераў (“Стаяла мая печка так восемдзесят гадоў і яшчэ столькі ж прастаіць!”), і да “легкадумных” сем’яў, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане (“Ну і хай гарыць, пляваць я хацеў на “вашу” бяспеку!!!”), і да мнагадзетных, дзе недагледжаная малеча заўсёды можа паднесці “сурпрыз”, чыркнуўшы дзесьці ў цёмным кутку ўпотай запалкай.
Як ахапіць усе вясковыя тэрыторыі, “да-стаць” да аддаленых весак? Якія метады выкарыстоўваць?
Якімі довадамі пераконваць?
Як арганізоўваць работу назіральных камісій і аптымізаваць яе, каб атрымаць вынік?

— Калі цяжка сабраць назіральную камісію ў поўным складзе — падзяліце на групы, — раіць Дзмітрый Давыдаў. — Дванаццаць чалавек на тры — вось вам чатыры каманды. Няхай кожная вызначыць зручны час для абходаў. Так вы зможаце ахапіць большую тэрыторыю. “Прывяжыце” яе кавалкі да ўчасткаў асноўнай работы людзей. Хіба цяжка таму ж фельчару, прыйшоўшы на дом да чалавека, кінуць позірк па баках: ці няма відавочнай небяспекі, ці не патрэскалася печка, ці на месцы прытопачны ліст?.. Настаўнікі таксама наведваюць вучняў дома і могуць дзейнічаць па такой жа схеме. У аддаленую вёску, дзе адзін-два жыхары, час ад часу хаця б патэлефануйце, даведайцеся, як справы, ці не патрэбна дапамога…

Зразумела, чалавек, які не з’яўляецца прафесіяналам, поўны агляд будынку ў плане проціпажарнай бяспекі не зробіць. Але ніхто і не прымушае жанчын лазіць па гарышчах, правяраць дымаходы ці праводку: для гэтага ёсць спецыялісты. Усе вы гаспадыні, дома і на рабоце, таму многае можаце заўважыць сваім дасціпным позіркам. Такая і стаіць задача — кожнаму ў меру сваіх сіл дапамагаць у агульнай справе. Каб не было раўнадушных. Простым візуальным аглядам, свое-часовай парадай можна адвесці шмат бед.

— Сапраўды так, — пацвярджае начальнік аддзела МНС. —Мы ведаем статыстыку, колькі гіне на пажарах людзей, але немагчыма палічыць, колькі трагедый папярэдзіла прафілактычная работа. Падыходзьце да яе нефармальна, з душой. Так, каб ваша сумленне заўседы было чыстым, калі задаеце сабе пытанне: ці ўсе я зрабіў для бяспекі гэтага чалавека?..

Хаткі на курыных ножках

Старэнькія домікі і іх гаспадары — асобная тэма: тут непаладкі часта ходзяць поруч з недаглядам. Першае такое жытло, куды мы наведваемся, выглядае вельмі хліпкім. Яго здымае сямейная пара. Раней тут не раз і не два пабывалі камісіі. Дома якраз і гаспадар, і гаспадыня. Навокал — больш-менш, што называецца, парадак. Адарваўшыся ад снедання, мужчына запрашае прайсці і паказвае, што печ і каля печы ў парадку, пробкі ў электралічыльніку выкручваюцца без праблем. Заўвага,
па сутнасці, толькі адна: калі фарбавалі падлогу, “прыхапілі” пэндзлем і прытопачны ліст, а гэтага рабіць нельга.

Не выклікае роздуму ў галавы сям’і і раптоўнае “экзаменацыйнае” пытанне, як патэлефанаваць у “пажарную”:
— 112, — без затрымкі адказвае мужчына.
У наступнай хаце чалавек вядзе хатнюю гаспадарку даволі акуратна, хаця і жыве без жонкі. Каля печы прыбіты новы прытопачны ліст, пячная пракладка выведзена правільна. Гэта частка “ацяпляльнай сістэмы” вясковых хат прыцягвае асаблівую ўвагу правяраючых нездарма: калі пра-кладка выведзена ў адну цагліну, з часам гліна ў швах разбураецца, і іскры вылятаюць напрасткі на гарышча. Тут ужо бяда можа здарыцца ў любую хвіліну.
— Дзе курыце?
— На вуліцы.
— А апавяшчальнік ёсць?
— Ёсць. Спраўны…
Усё ў парадку. І гэта — вынік. Добра, што камісія не лянуецца зазірнуць у хату зноў і зноў, а гаспадар — малайчына, што прыслухаўся да просьб і парад.

“Так і было”

Горкае пачуцце выклікаюць “калгасныя” домікі, якім усяго толькі па дзесяць год і якія здаваліся пад ключ новенькімі, гатовымі для жыцця і нават з пажарнымі апавяшчальнікамі. На жаль, практыка паказвае: часта гэтыя намаганні развіць у навасельцаў гаспадарскую жылку — “не ў каня корм”: навасельцы за кароткія тэрміны замурзваюць сваё жытло з падлогі да страхі. Сапсавана, павалена, паламана, а тых апавяшчальнікаў і след прастыў. Чым яны ім перашкаджалі? Адказ у гаспадароў адзін:
— Так і было!

У маладзіцы ў такім доміку апавяшчальнік застаўся адзін з трох — у дзіцячым пакоі, і той не працуе. Чаму? Батарэйкі няма. А тая батарэйка каштуе рубель, апавяшчальнік — трынаццаць рублёў…
— Я вам сёння штраф не выпісваю, але дамовімся так: вы устанаўліваеце апавяшчальнікі, я праз тыдзень прыеду і праверу, — строга настаўляе Уладзімір Усеня. — Я не забуду, не думайце…
Напаследак зазіраем і ў “кацельню”, дзе каля ацяпляльнага катла цэлы склад гаручага: дровы, картонкі, сушацца абутак і вопратка. Гаспадыня абяцае вы-правіцца, камісія — хутка завітаць зноў.

Comments are closed.