Рэдакцыя выбрала лепшую прыпеўку: пераможцай конкурсу частушак стала Ірына Несцяровіч
Пераможца конкурса вясёлых прыпевак выбраны, і ў РЭДАКЦЫЮ ЗА прызам — акустычнай калонкай — мы запрасілі ірыну НЕСЦЯРОВІЧ!
Скажу вам шчыра, дарагія чытачы: выбіраць лепшую частушку нам было надзвычай цяжка, хаця мы і заклікалі на дапамогу моцную каманду экспертаў. У іх ліку — старшыня раённага Савета дэпутатаў Дзмітрый Міхайлавіч Давыдаў (у мінулым — вопытны журналіст і работнік культуры), начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Анатольеўна Каролька, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Станіслаў Васільевіч Мароз. Усе члены журы па нараджэнню тутэйшыя і родам з вёскі, так што веданне і разуменне народных жанраў маюць з дзяцінства. Нягледзячы на гэтыя агульныя рысы, спрэчкі разгарэліся бурныя. Таму што частушкі былі практычна ўсе добрыя, як на падбор (у пераднавагоднія дні на рэдакцыю абрушыўся проста шквал гумару, імпэту і задору!). Вы падаравалі чытачам і рэдакцыі мора станоўчых эмоцый, за што вялікі дзякуй кожнаму аўтару.
Шкада, што не ўсе прапанаваныя варыянты мы змаглі апублікаваць.
Так, у лік конкурсных не ўвайшлі работы, аўтары якіх занадта доўга думалі і спазніліся па тэрмінах.
Давялося пакінуць за межамі друкаваных старонак і “перасоленыя” радкі, хаця надараліся паміж імі і дужа смешныя, дый сам жанр частушкі звязаны цесна з такой народнай смелай жартаўлівасцю, прастатой, праматой — аднак фармат раённага выдання абавязвае…
Многія даслалі нам проста вершыкі — слаўныя, смешныя і мілыя, аднак усё ж такі жанру конкурса яны не адпавядалі. Частушка — асаблівая форма, вершык-прыпеўка на актуальную тэму, з нечаканай канцоўкай, забаўнымі параўнаннямі і рыфмамі. Ну і — складная, канешне ж! Такая, што сама кладзецца на часты рытм простай мелодыі, лёгка запамінаецца, “сама ў рот лезе” і мімаволі выклікае ўсмешку.
Менавіта такая частушка атрымалася ў пераможцы конкурсу:
В новогоднюю-то ночь
Наряжусь Снегуркой,
Обалдеет Дед Мороз
От моей фигурки!
Нынче в моде старики,
Я ж не дура тоже:
Коль подарки не отдаст —
Найду помоложе!
Галоўнай тэмай народнай частушкі заўжды былі любоўна-бытавыя сюжэты, і ў нашай пошце яны таксама ўпэўнена лідыравалі. Аднак старадарожскія творцы цікава абыгралі і актуальныя тэмы расходаў і даходаў, капрызаў надвор’я, пацука як сімвала новага года і, канешне ж, выпіўкі з нагоды свята. Асобная падзяка — усім, хто занатаваў у частушках тэму “Навін Старадарожчыны”!
І — заставайцеся з намі! На працягу ўсяго новага года будзем ладзіць конкурсы, дарыць сваім чытачам прызы і — самае галоўнае — шчыра гутарыць пра ўсё на свеце. Жадаем вам заўжды захоўваць радасць у душы і вясёлы, імклівы рытм жыцця!
Іна КАНДАУРАВА.