Ці ведаеце вы, што такое «попрадкі»? Гэты абрад падобны на традыцыйныя “вячоркі”.  У адной з хат вечарам пасля працы збіраліся жанчыны і дзяўчаты і займаліся рукадзеллем. Маладзіцы рыхтавалі для сябе прыданае. Усе ткалі, вышывалі, вязалі. А яшчэ пралі кудзелю — ператваралі валакно ў нітку. Моладзь пераймала вопыт у старэйшых жыхарак вёскі.  Так, пры лямпе, за дзявочымі размовамі, песнямі і жартамі спраўна круцілася верацяно…

Цэнтр рамёстваў правёў тыдзень традыцыйнага мастацтва “Ткацтва ўчора, сёння, заўтра”. У яго рамках адбыўся выязны семінар “З верацяна ў клубочак”. Майстэрства прадзення прадэманстравалі ўдзельніцы народнага фальклорнага калектыву “Прусаўчанка” Вольга Якаўлеўна Балоцька і Алена Якаўлеўна Братчэня з вёскі Прусы. Прадзенне на прасніцы можна назваць сапраўдным мастацтвам. Здавалася б, нічога складанага ў гэтым працэсе няма, але на самай справе ён няпросты.