“Аграфірма “Фалічы” сабрала большасць лаўраў па выніках гадавога раённага спаборніцтва
Лавіраваць у рэчышчы сельскагаспадарчай галіны, выводзячы гаспадарку да прыбыткаў и поспехаў, — задача складаная, аднак выканаць яе можна.
Гэта кожным годам сваёй работы даказвае ААТ “Аграфірма “Фалічы”, якая сабрала большасць лаўраў па выніках гадавога раённага спаборніцтва: у розных намінацыях называюцца дзевяць перамог калектыву і персанальных працоўных рэкордаў.
Андрэй Хмуровіч, дырэктар ААТ “Аграфірма “Фалічы”, — цікавы і кампетэнтны суразмоўца па пытаннях развіцця малочнай жывёлагадоўлі: у яго актывах — работа на кіруючых пасадах як сельскагаспадарчых, так і малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў. За час яго кіраўніцтва прадпрыемства трывала замацава- лася на лідарскіх пазіцыях у раёне і ўжо па выніках 2014 года ўвайшло ў так званую “залатую сотню” — ТОП-100 лепшых прадпрыемстваў Беларусі.
“У нашай дзяржаве развіццё малочнай жывёлагадоўлі вызначана як стратэгічны кірунак, і гэта рацыянальны падыход. Сучасныя эксперты нездарма называюць дадзеную галіну АПК адной з самых даходных, інвестыцыйна прывабных, высокарэнтабельных. Справа ў тым, што малочны рынак мае найвышэйшы ў сельскай гаспадарцы патэнцыял роста вытворчасці, перспектыву развіцця экспарту на постсавецкі і глабальны рынак. Малако і прадукты яго перапрацоўкі ўжывае практычна кожны чалавек, іх спажыванне пастаянна павялічваецца. Гэта даходны бізнес, асабліва пры выпрацоўцы на дзяржаўным узроўні сучасных эфектыўных падыходаў.
Галоўны прынцып нашага калектыву — “Мы можам болей”. Сваю задачу кіраўніка бачу ў тым, каб фарміраваць моцную каманду спецыялістаў, зацікавіць, захапіць і атрымаць вынік у выглядзе поспеху і прыбытку”.
Калі асноўны афіцыйны паказчык — “валоўка”, то для практыкаў самы лепшы індыкатар эфектыўнасці вытворчасці — выручка: жывыя грошы, якія можна інвестыраваць у далейшае развіццё гаспадаркі.
Па выніках мінулага года ў “Аграфірме “Фалічы” яна павялічылася ў 1,3 разы да пазалеташняга ўзроўню. Асноўную яе частку, амаль 80%, гаспадарка атрымлівае ад продажу малака на Тураўскі і Слуцкі камбінаты. Гэта сума склала 5,5 млн руб. Рэнтабельнасць прадукцыі — 56%. Выдатны вынік!
Радуе і паказчык па валавым надоі: 7,4 тыс. тон, або 124,4% да ўзроўню 2017 года. А ўдой на карову — 7783 кг. Такога паказчыка Старадарожчына пакуль не чула! Прычым “скакнула” лічба ў параўнанні з пазалеташняй на дзіва: “плюс” склаў ні многа ні мала — 1269 кг малака, амаль тону трыста! А, напрыклад, на малочна-таварным комплексу “Кавалічы” ўдой на рагулю перасягнуў і гэту планку: 8068 кг, вырас на 1308 кг. Таварнасць малака склала 93,4% пры нарматыве 92. Ну і, канешне, самы цікавы для народа паказчык — зарплата; у ААТ «Аграфірма «Фалічы» сярэдні яе ўзровень складае 980 рублёў.
“Вытворчасць малака — тая залатая жыла, якая сілкуе гаспадарку, — на лічбах даказвае галоўны эканаміст сельгасарганізацыі Анатоль Прахоцкі. — Пры гаспадарскім падыходзе яна можа і павінна быць рэнтабельнай”.
Дыктатура тэхналогій — нязвыклае словазлучэнне для аграрыяў, але пра-вільнае, “у дзясятку”. Яно падкрэслівае, што ў жывёлагадоўлі няма дробязяў. Поспехаў можна дабіцца толькі пры граматным кіраўніцтве жывёлагадоўчай, у нашым выпадку, галіной. У намесніка дырэктара “Аграфірмы “Фалічы” Іны Атрошчанкі гэта атрымалася.
Працэс кармлення малочнага статка яна будуе ў адпаведнасці з перыядам лактацыі. Рацыён падбіраецца так, каб ад кармоў была максімальная аддача: для навацельных рагуль — энергетычна насычанае “меню”, старадойным і сухастойным — больш ашчаднае. Такая “індывідуальная дыета” дазваляе знізіць затраты на ўтрыманне статка, сабекошт прадукцыі (дарэчы, прыкладна 50% яе складаюць расходы на кармы) і павысіць прадукцыйнасць жывёлы. Плюс пільны кантроль за здароўем рагуль, камфортныя ўмовы ўтрымання — гэта само сабой зразумела.
Другі кірунак работы — наладжванне племянной справы на належным узроўні. Штомесяц на фермах праводзяць абследаванне на сцельнасць кароў і нецеляў, а таксама селекцыю: нізкапрадукцыйных жывел выбракоўваюць і замяняюць нецелямі з добрым высока-ўдойным генетычным патэнцыялам.
Трэці фактар — “завязка” зарплаты жывёлаводаў на валавым надоі і якасці малака. Гэта добра стымулюе людзей. Не дзіўна, што па выніках 2018 года 98% прадукцыі рэалізавана экстра-класам.
Чацверты — арганізацыя і кантроль. Адна справа — кіраўніку правільна ставіць задачу, другая — дабіцца ад калектыву яе выканання.
Пяты — знайсці паразуменне з партнёрамі па закупачных коштах.
Як бачна, вялікіх сакрэтаў поспеху няма; ёсць выключна тая “дыктатура тэхналогій”, пра якую кажа Прэзідэнт. Такія вынікі яна можа даваць, калі ўвасабляць яе не на словах, а на справе.